СК купіў гадзіннікі прэміяльнай калекцыі "Сірыюс" / калаж Радыё Свабода
Цэнтральны апарат Следчага камітэта пры канцы 2025 года замовіў 20 мужчынскіх наручных механічных гадзіннікаў у падарункавай упакоўцы. Агульны кошт закупкі склаў 48 480 рублёў (каля 16 тысяч долараў). Такім чынам, кожны гадзіннік каштаваў 2424 рублі, ці прыкладна 800 долараў. Аплачаная закупка была са сродкаў дзяржбюджэту.
Адпаведны тэндар на сайце дзяржзакупак заўважыла Радыё Свабода. У дакументах закупкі не ўдакладняецца, каму прызначаюцца гэтыя гадзіннікі.
Дарэчы, іх кошт амаль роўны сярэдняму заробку ў беларусі за год. Згодна са звесткамі Дзяржаўнага статыстычнага камітэта, сярэдні месячны заробак летась складаў 2693 рублі.
У заяўцы на закупку пазначана, што мадэль павінна мець швейцарскі механізм SW200-1A, раменьчык з натуральнай скуры, сапфіравае шкло з антыблікам з пярэдняга боку, заднюю накрыўку корпуса з мінеральнага шкла. Таксама на гадзінніку павінен быць каляндар. А да самога гадзінніка патрабуецца падарункавая драўляная ўпакоўка з гравіраваннем.
Былы супрацоўнік гадзіннікавага завода "Луч" у гутарцы з журналістамі Свабоды паведаміў, што гэта гадзіннікі прэміяльнай калекцыі пад назвай "Сірыюс" — найдаражэйшая прадукцыя прадпрыемства.
"Калі я там працаваў, яны менш каштавалі, здаецца, каля 400 долараў, але цяпер на ўсё цэны падняліся. Гэтая мадэль цалкам з Кітая прыходзіць, там швейцарскі механізм, а на "Лучы" толькі зборка", — удакладніў былы работнік завода. Паводле яго, такія гадзіннікі замаўлялі звычайна толькі найвышэйшаму кіраўніцтву.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут