"Шпіёны", якія сышлі з рэйса Ryanair у Мінску: хто яны?

03/06/2021 - 16:08
Аляксандра Стабрэдава і Сяргей Кулакоў / Еўрарадыё

Адна з загадак рэйса Ryanair Афіны — Вільня, пасаджанага ў Мінску: хто тыя трое пасажыраў, якія не пажадалі працягнуць палёт і пасля затрымання Рамана Пратасевіча засталіся ў Беларусі. З інтэрв'ю, якія яны далі на наступны дзень пасля інцыдэнту, вядомыя іх імёны: Аляксандра Стабрэдава, Сяргей Кулакоў і Ясон Зісіс. Многія пішуць, што яны могуць быць заканспіраванымі супрацоўнікамі спецслужбаў, якія "паслі" Пратасевіча. Або як мінімум таемна суправаджалі яго ў самалёце.

Еўрарадыё адшукала профілі Стабрэдавай і Кулакова ў сацсетках, вывучыла наяўную інфармацыю пра іх і пагутарыла з іх сябрамі. Цалкам можа быць, што гэтыя людзі і на самай справе былі не шпіёнамі, а звычайнымі пасажырамі.

Сяргей Кулакоў

Сяргей Кулакоў пасля таго, як пакінуў борт Ryanair

Сяргею Кулакову 37 гадоў. Паводле інфармацыі з сацсетак, ён нарадзіўся ў Віцебску і пэўны працяглы час правёў у Осла. Мяркуючы па фота на яго старонцы, мужчыну часта даводзіцца бываць за мяжой.

На гэтых фота Сяргею Кулакову 30 гадоў

Фатаграфіі Сяргея Кулакова загружаныя ў сеціва даўно. Пад імі шмат падабаек ад людзей з замежнымі імёнамі і прозвішчамі. Можна зрабіць выснову, што Кулакоў — адкрыты чалавек, у якога шмат кантактаў.

14 жніўня 2020 года Сяргей Кулакоў дадаў на аватарку ў фэйсбуку БЧБ-сцяг. Магчыма, вядома, што гэта хітры ход аператыўніка пад прыкрыццём. Але і сярод сяброў Сяргея нямала тых, хто паставіў сабе на аватаркі БЧБ-сцяг і падтрымлівае беларускі пратэставы рух.

Фота Сяргея Кулакова / фэйсбук

Аляксандра Стабрэдава

Аляксандру Стабрэдаву апытваюць у дзіўным кабінеце

Яшчэ адна "шпіёнка" — беларуска Аляксандра Стабрэдава. У час апытання ў кабінеце дзяўчына моцна хвалюецца. І гэта нядзіўна. Па-першае, дзень быў няпросты. Па-другое, у шкляных дзверцах шафы адлюстроўваецца бюст — хутчэй за ўсё, Фелікса Дзяржынскага. Паспрабуй тут не занервуйся!

Аляксандру шмат што звязвае з Грэцыяй. Яна вучылася на кафедры класічнай філалогіі філфака БДУ. Дыплом напісала на тэму "Афіксацыя ў грэчаскай мове: марфалагічны і семантычны аспекты". Планавала працягваць вучыцца ў Грэцыі.

Менавіта з Афін яна ляцела 23 траўня тым самым рэйсам, якім вяртаўся ў Вільню Раман Пратасевіч.

Аляксандра Стабрэдава

— Яна самы звычайны чалавек. У 2019-м я перасякалася з ёй выпадкова ў горадзе летам. Паводле яе слоў, яна вучылася ў магістратуры ў Грэцыі, — расказвае Еўрарадыё аднакурсніца Аляксандры. — У сацсетках яе няма даўным-даўно. Ва ўсіх нашых навучальных чатах яе таксама няма. Яна знікла з радараў адразу пасля заканчэння БДУ.

Гэта таксама падобна да праўды, таму што на сайце Цэнтра даследаванняў класічнай традыцыі "Artes Liberales" Варшаўскага ўніверсітэта Еўрарадыё знайшло даследчую работу Аляксандры Стабрэдавай на тэму "Вобразы грэцкіх міфалагічных персанажаў у серыі гульняў "Персона".

Дзіцячае фота Аляксандры на сайце Цэнтра даследаванняў класічнай традыцыі

У Аляксандры таксама хапае фота з замежных паездак.

Фота Аляксандры, зробленыя за мяжой

Ясон Зісіс

Трэцяга пасажыра, Ясона Зісіса, Еўрарадыё знайшло ў твітары. На гэтай платформе ён зарэгістраваўся ў 2015 годзе. Мяркуючы па інфармацыі з профілю, грэк працуе ў сферы айці: займаецца R&D (research and development), а сферы яго інтарэсаў — гідрадынаміка, аўтаматызаванае праектаванне і вылічальная геаметрыя.

Профіль у твітары Ясона Зісіса

Супрацоўнікі спецслужбаў?

Ні Аляксандра, ні Сяргей, ні тым больш Ясон не падобныя да супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў. Іх профілі ў сацсетках вядуцца даўно і паслядоўна. Наўрад ці сілавікі "злілі" б траіх агентаў з настолькі сур'ёзна прапрацаванымі легендамі толькі дзеля таго, каб развеяць чыесьці сумненні аб тым, што затрыманне Пратасевіча было загадзя спланаванае.

З іншага боку, не выключана, што беларусаў і грэка з рэйса Ryanair "органы" (памятаеце адлюстраванне бюста Дзяржынскага ў шыбе?) маглі папрасіць пацвердзіць на камеру, што яны выйшлі ў Мінску па сваім жаданні. А сапраўдныя агенты "наружкі" тым часам паляцелі далей у Вільню і пакінулі борт там, не падстаўляючыся.

Дарэчы, цікавы той факт, што гэтыя трое пасажыраў не праходзілі пашпартны кантроль на выездзе з Еўрасаюза: іх пашпарты правяралі толькі на ўездзе ў Беларусь. Магчыма, фармальна, "па дакументах", яны і цяпер знаходзяцца ў ЕС. З гэтым могуць быць звязаныя праблемы пры вяртанні ў Шэнгенскую зону.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі