Школьная праграма па літаратуры засталася сам-насам з Чаргінцом

07/07/2017 - 15:51

Старшыня дзяржаўнага саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец працягвае лабіраваць для абавязковай школьнай праграмы “сваіх” рускамоўных пісьменнікаў. Ён нават напісаў ліст міністру адукацыі Карпенку, паскардзіўся на тое, што праграма па рускай літаратуры ў школах спрэс русафобская.

Пісьменнікаў Чаргінца ў школу не пускае Камісія па рускай літаратуры Нацыянальнага інстытута адукацыі. Аднак у спісе рэкамендаванай літаратуры для школьнікаў на сайце Міністэрства адукацыі Еўрарадыё і так знайшло амаль усіх з прапанаваных Мікалаем Чаргінцом літаратараў, акрамя Н. Іллінскага, В. Паліканінай і Т. Гусачэнка-Красновай.

Вось што пра раман Іллінскага "Квітнела, квітнела чаромха", які лабіруе Чаргінец, піша працоўная група Нацыянальнага інстытута адукацыі:

"Тэкст шмат у чым “другасны”, бо не толькі нагадвае эпапею М.Шолахава “Ціхі Дон”, раман “Паднятая цаліна”, але і раман А. Іванова “Вечны покліч”, які паслужыў аўтару лякалам, паколькі запазычаныя практычна ўсе сюжэтныя хады і характары герояў. Дадзены тэкст па стылявых асаблівасцях блізкі масавай літаратуры, не валодае высокай ступенню мастацкасці, даказанай і пацверджанай у літаратуразнаўчых даследаваннях".

На думку Мікалая Чаргінца, “свае” рускамоўныя пісьменнікі па якасці не саступаюць Салжаніцыну, Уліцкай, Талстой.

Чаргінец: “Спрэчка была ў тым, што пакінулі ў спісе творы Салжаніцына, Уліцкай, той жа Талстой, а мы лічым, што дзецям трэба даваць сваё, яно па якасці не саступае, і таму трэба рабіць акцэнт на беларусаў, якія пішуць па-руску. Мы праводзілі некалькі год таму апытанне, разаслалі анкеты ў бібліятэкі па ўсёй краіне, паводле якіх выявілася, што за некалькі гадоў кнігі, якія мы ўказалі ў анкеце, прачытала каля двух с паловай мільёнаў чалавек. А камісіі гэтыя кнігі не патрэбныя”.

Па словах старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, самую прынцыповую пазіцыю у камісіі займае Наталля Блішч. “Яе можна параўнаць з "народжаны поўзаць лятаць усіх вучыць”, ― эмацыйна выказваецца Чаргінец.

Еўрарадыё паразмаўляла з доктарам філалагічных навук, прафесарам кафедры рускай літаратуры БДУ Наталляй Блішч пра гэтую скандальную сітуацыю. Нечакана апынулася, што прафесар ужо не працуе ў камісіі па рускай літаратуры:

"Мне вельмі не падабаецца гэтая гісторыя. Я ўжо падала заяву па ўласным жаданні, і з 21 червеня не знаходжуся ў камісіі, — распавядае Наталля Блішч. — Сваё прафесійнае меркаванне я выказала, але да яго не прыслухаліся, і я прыняла рашэнне сысці з камісіі, бо мяне больш цікавіць навука, даследаванні, а гэтая камісія займала вельмі шмат часу. Лічу, што сваю працу па ўдасканаленні школьных праграм я завяршыла”.

Больш за тое, пасля скандалу праблемы ўзніклі нават у кафедры рускай літаратуры БДУ.

Наталля Блішч:Мяне цяпер больш хвалюе лёс кафедры рускай літаратуры. Бо я выказала сваё індывідуальнае прафесійнае меркаванне, а ганенні пачаліся на кафедру, якая зусім ні пры чым".

Па кнігах, якія Чаргінец прапаноўвае ў школьную праграму, Наталля Блішч займае прынцыповую пазіцыю: "Гэтыя кнігі зусім не для школьнай праграмы. Там пра смерць, пра забойства, яны жорсткія. Яны напісаныя людзьмі, якія ўсё гэта бачылі, і стыль гэтых твораў такі "прафесійны", слэнгавы. Можа, гэтая літаратура і мае права на існаванне, але не ў школьнай праграме".

Такім чынам, цяпер школьная праграма па рускай літаратуры засталася сам-насам з Чаргінцом.



Фота: Наталля Блішч ― з сайта bsu.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі