Шакаладная фабрыка растлумачыла ціктокеру, адкуль у ласунках лічынкі молі

20/08/2024 - 13:45

Шакалад, фота ілюстрацыйнае / unsplash

Беларуская кандытарская фабрыка "Камунарка" растлумачыла ціктокеру, які запісаў ролік пра "чарвякоў у шакаладзе". І, здаецца, праблема не ў вытворцу.

Непрыемны інцыдэнт адбыўся некалькі дзён таму. Беларус купіў горкую шакаладку з начынкай "Труфельны эліт" (дата вырабу — 11 снежня 2023-га). А калі разгарнуў, то знайшоў унутры чарвячкоў — лічынкі харчовай молі.

У "Камунарцы" кажуць, што ад іншых пакупнікоў такіх скаргаў не паступала. Хутчэй за ўсё, праблема не ў няякаснай партыі шакаладу, а ў няправільных умовах захоўвання ў краме, піша Tochka.by.

Высветліць, дзе менавіта блогер купіў шакаладку, не ўдалося. Хоць інцыдэнт здарыўся ўсяго некалькі дзён таму, ён не змог успомніць краму, якая прадала яму няякасныя прысмакі.

"Не ўяўляецца магчымым дакладна высветліць, дзе і пры якіх умовах захоўвалася і рэалізоўвалася прадукцыя цягам больш чым васьмі месяцаў. Наяўнасць жывых лічынак сведчыць, што заражэнне прадукцыі адбылося не больш за 20 дзён таму", — кажа начальніца ўпраўлення па якасці "Камунаркі" Ганна Козыр.

Хутчэй за ўсё, заражаная лічынкамі харчовай молі шакаладка ляжала побач з мукой, крупамі або сухафруктамі — то-бок з таварамі, якія па правілах не павінныя быць яе суседзямі.

На фабрыцы праверылі партыю шакаладу, якая была выпушчаная ў адзін дзень са злашчасным батончыкам, але ніякіх праблем не знайшлі.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі