Савет Еўропы: Беларусь выканала толькі 1 параду па барацьбе з карупцыяй з 20

02/09/2016 - 12:11

Беларусь выканала, прытым толькі часткова, адну рэкамендацыю з дваццаці, якія даваліся Групай дзяржаў па барацьбе з карупцыяй пры Савеце Еўропы (GRECO) яшчэ ў 2012 годзе. На думку замежных экспертаў, нашы ўлады толькі здолелі ўвесці адміністрацыйную адказнасць юрыдычных асобаў за здзяйсненне злачынстваў, звязаных з адмываннем грошай. Пра гэта паведамляецца ў чарговым дакладзе арганізацыі па Беларусі, які быў апублікаваны 1 верасня.

Там адзначаецца, што ў Беларусі па-ранейшаму адсутнічаюць усеабдымная стратэгія і план дзеянняў, а таксама незалежныя механізмы па барацьбе з карупцыяй; не было прадпрынята ніякіх ініцыятываў для ўмацавання незалежнасці Генеральнай пракуратуры або судовых органаў.

“Прэзідэнцкі імунітэт не быў абмежаваны тэрмінам яго знаходжання на пасадзе, і колькасць службовых асобаў, якія не могуць быць прыцягнутыя да адказнасці за карупцыю, да гэтага часу выходзіць за межы таго, што патрабуецца ў дэмакратычным грамадстве”, — гаворыцца ў дакуменце.

Фота: msktambov.ru

GRECO расчараваныя аб’ёмам інфармацыі, якую прадастаўляюць улады, што “падрывае веру ў прыхільнасць краіны да працэсу ўзаемадзеяння”. Не адбываецца ніякіх ініцыятыў, якія б дапамаглі дасягнуць прагрэсу ў бліжэйшай будучыні. “Гэта выглядае так, быццам працэс рэалізацыі ўдасканаленняў быў спынены”, паведамляецца ў справаздачы.

Арганізацыя адзначае, што ацэнка выканання рэкамендацыяў “глабальна незадавальняючая” і заклікае ўлады, як мага хутчэй распачаць рэальныя крокі па рэкамендацыях.

Беларусь не з’яўляецца сябрам Савета Еўропы, але з’яўляецца ўдзельнікам шэрагу канвенцый Савета Еўропы, у тым ліку Канвенцыі аб грамадзянска-прававой адказнасці за карупцыю, а таксама Канвенцыі аб крымінальнай адказнасці за карупцыю.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі