Рукапісная кніга XIX ст.
На польскім аўкцыёне за 1500 еўра прадалі старажытную кнігу з беларускай парафіі.
Рукапісная кніга XIX ст. з парафіі ў Вялікіх Эйсмантах Гродзенскай вобласці пры невядомых абставінах знікла з мясцовага касцёла. Падобныя дакументы звычайна захоўваюцца ў царкоўных або дзяржаўных архівах, бо маюць значную навуковую каштоўнасць.
Стартавая цана лота складала 704 еўра. Таргі скончыліся на адзнацы ў 1562 еўра.
"Усё будзе добра, чакайце інфармацыю ў панядзелак раніцай!", — кажа апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня. Імаверна, кнігу выкупіў адзін з беларускіх мецэнатаў.
Ініцыятыва MALDZIS каардынуе беларускіх мецэнатаў для захавання каштоўных артэфактаў, звязаных з Беларуссю. Раней ініцыятыва выкупіла літаграфіі Напалеона Орды (яны цяпер выстаўленыя ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве), першую беларускамоўную мапу Беларусі, франкамоўнае выданне першай часткі “Вялікага майстэрства артылерыі” Казіміра Семяновіча, першае выданне “Жазла кіравання” Сімяона Полацкага і іншыя прадметы.
Пасля дэмакратычных пераменаў у Беларусі здабыткі плануецца перадаць у беларускія музеі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут