Кадр з фільма "Дранікі" / Киноцех / Биг Скрин Продакшн
З канца лютага ў беларускіх кінатэатрах на шырокіх экранах ідуць “Дранікі” — сямейная камедыя пра школьнікаў-прадпрымальнікаў. Гэта жанравая стужка, знятая за расійскія грошы ў беларускай вёсцы Заброддзе мінскімі кінематаграфістамі: рэжысёрам Максімам Максімавым і прадзюсарам і сцэнарыстам Андрэем Ліпавым.
Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі паглядзеў фільм і распавядае, як у наіўнай казцы пра моц прыватнай ініцыятывы размываецца мяжа паміж беларускім і расійскім светам.
***
Падчас зімовых канікулаў дванаццацігадовы Максім (Мірон Лебедзеў) вельмі хоча застацца ў горадзе, каб іграць з сябрамі ў новую відэапрыстаўку. У бацькоў тым часам іншыя планы — і вось хлопец вымушаны ехаць у вёску да дзеда (Георгій Волчак) на Новы год.
Падарожжа не столькі святочнае, колькі вымушанае: у бацькі (Андрэй Пынзару) прагарэў бізнес па продажы радыёкіруемых зайцаў, а маці (Інгрыд Алерынская) ніяк не можа знайсці падпрацоўку. Таму сям’і цяпер няма чым аплачваць узятую іпатэку на дом.
Макс вырашае ўласнымі сіламі выцягнуць сваякоў з фінансавага дна праз яшчэ адзін прадпрымальніцкі стартап — фудтрак па пячэнні і продажы з калёс дранікаў. Яго ён стварае з дзедаўскай “буханкі” з новымі вясковымі сябрамі: Оляй (Ева Смірнова), унучкай прадавачкі мясцовай крамы, і стрыечным братам Юрам (Кірыл Ермакоў).
Толькі далёка не ўсе вяскоўцы рады пасіянарным памкненням дзяцей і пачынаюць устаўляць палкі ў колы іх маленькага бізнесу.
У стваральнікаў “Дранікаў”, Максіма Максімава і Андрэя Ліпава, літаральна за некалькі гадоў плённай працы атрымалася зрабіць тое, чаго дзесяцігоддзямі марыў дамагчыся “Беларусьфільм”, — ператварыць простую вытворчасць кіно ў сапраўдны бізнес. Зразумела, што за расійскі кошт і на расійскім кінарынку.
Паспрыяла ў гэтым кінематаграфістам, як бы цынічна тое ні гучала, вайна ў суправаджэнні санкцый. Праз іх Крэмль пачаў актыўна ўліваць грошы ў расійскую кінавытворчасць, каб “імпартазамясціць” зніклы з кінатэатраў і стрымінгаў заходні кантэнт.
І прадпрымальныя беларусы, сярод якіх апынуліся Максімаў і Ліпаў, скарысталіся такой магчымасцю. Цяпер іх кінематаграфічнае партфоліа налічвае ўжо дзясяткі праектаў.
Аднак няспынная канвеерная вытворчасць і недахоп часу на распрацоўку матэрыялу непазбежна адбіваюцца на мастацкіх якасцях такога кшталту праектаў. “Дранікі” пацвярджаюць гэта правіла, бо падыход неахайнай паточнасці амаль адразу кідаецца ў вочы. Хадульныя дыялогі, непрапісаныя персанажы, трохскладнікавая драматургія, няшчырая гульня акцёраў, асабліва дзяцей — лубочнасць тут цалкам правіць баль.
Адзінае, што ў аўтараў атрымалася больш-менш увасобіць, — атмасфера сямейнага свята. Што не павінна здзіўляць: праект ад пачатку задумваўся менавіта як сямейная камедыя з уяўным прыцэлам на прэм’еру ў зімовыя святы. Выйшаў ён, праўда, у канцы зімы, мабыць, таму, што зубастыя канкурэнты не далі заняць больш хлебныя месцы.
Але няма вялікіх сумневаў, што фільм атрымаецца камерцыйна паспяховым. Хай не ў кінапракаце, дык праз стрымінгі дабярэ. Усё таму, што зроблены ён па распаўсюджнай формуле ўніверсальнага жанравага кіно, флагманам якой на постсавецкай прасторы стаў звышпапулярны ў 2010-я ўкраінскі серыял “Сваты”. Сутнасць яе ў тым, каб пазбавіць гісторыю, прастору кадра маркераў мясцовай прыналежнасці.
“Дранікі” здымаліся на Вілейшчыне, у вёсцы-музеі Заброддзе, дзе агулам здымаецца шмат расійскіх праектаў. Але ў самой стужцы геаграфічны чыннік ніяк не праяўлены: падзеі адбываюцца ў безаблічнай, амаль стэрыльнай рускамоўнай прасторы, дзе героі карыстаюцца расійскімі рублямі, а праблемы разрульвае расійская паліцыя. Пры гэтым нас сустракаюць уводным цітрам “Зроблена ў Беларусі з любоўю”, а развітваюцца разам з беларускім фудблогерам Какабаем.
Абраная гульня ва ўніверсальнасць шэраг маіх калег вымусіла ўспрымаць стужку як увасабленне каланіяльнага позірку, але наўмысных крокаў з боку аўтараў рабіць падобнае не было. Яны проста сталі закладнікамі кантэксту, камерцыйных мэт і ўласнай няўважлівасці.
Дадатковую фэнтэзійнасць абставінам дадаюць акалічнасці імгненнай паспяховасці бізнесу герояў, якія амаль адразу пачынаюць зарабляць на фастфудзе. Зразумела, што гэта магія кіно і аўтарская перабольшанасць. Але, ведаючы, якія патрабаванні выстаўляюць малому бізнесу ў Беларусі і як яго душаць падаткамі ў Расіі, духапад’ёмны запал “Дранікаў” вельмі хутка растае ў паветры. Вось ужо усім казкам казка, у якую павераць хіба што наіўныя падлеткі.
Зразумела, што ўсе гэтыя моманты зроблены, каб дагадзіць найперш расійскаму гледачу. Пра беларускага дакладна ніхто не падумаў: як ён зможа зразумець, чаму беларускія рэаліі бясшвоўна спалуючацца з расійскімі. Калі гэта такі тлусты намёк, што менавіта так павінна выглядаць будучая Саюзная дзяржава пасля інтэграцыі Беларусі ў Расію, то здымаю капялюш перад стваральнікамі.
Калі ж казаць усур’ёз, то ў сённяшнім грамадска-палітычным кантэксце такое кіно ўспрымаецца як культурны артэфакт эпохі. Як чырвона-зялёны магніцік з надпісам “Из Белоруссии с любовью”, які лёгка адшукаць у шапіку на чыгуначным вакзале Мінска. Нібы ўсё зразумелае і пазнавальнае, але жадання асацыіравацца з гэтым зусім няма.
Усё ж такі хочацца бачыць нармальныя праявы беларускасці ў кіно, а не нязграбныя падмігванні, устаўленыя падчас абслугоўвання чаканняў расійскай аўдыторыі.
Ацэнка Еўрарадыё: 3 з 10
Плаціце падаткі ў Польшчы? Тады вы можаце падтрымаць Еўрарадыё і перавесці нам 1,5% свайго падаходнага. Гэта проста! У дэкларацыі ў графе "1,5 na OPP" трэба ўвесці KRS 0000507234 і cel 137070. Вы ўбачыце арганізацыю FANIMANI — так і мусіць быць, гэта нашыя партнёры. Гэта дапаможам нам станавіцца яшчэ лепш!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут