Распачалі справу аб эканамічнай неплацежаздольнасці магілёўскай швейнай фабрыкі

12/05/2016 - 06:53

Эканамічны суд Магілёўскай вобласці распачаў судаводства па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці Магілёўскай швейнай фабрыкі "Вяснянка". Як паведамляе БелаПАН, падставай для гэтага стала заява крэдытора — ААТ "Мажэліт". Пратэрмінаваная запазычанасць дасягнула 695 мільёнаў рублёў.

Падчас судовага пасяджэння прадстаўнік даўжніка пагадзіўся з заяўленым патрабаваннем крэдытора і растлумачыў, што на канец сакавіка агульны памер патрабаванняў крэдытораў па грашовых абавязацельствах, што не аспрэчваюцца, склаў 40 млрд рублёў пры агульным кошце маёмасці прадпрыемства 52 млрд. Пацвярджаецца ўстойлівы характар неплацежаздольнасці фабрыкі і папярэднім заключэннем дэпартамента па санацыі і банкруцтве Міністэрства эканомікі Беларусі.

Паводле вынікаў судовага пасяджэння ў адносінах да даўжніка ўсталяваны ахоўны перыяд. Часовым кіраўніком прызначанае ТАА "Магірыус". Пытанне аб распачынанні конкурснай вытворчасці будзе вырашанае ў ліпені.

Нагадаем, 15 снежня 2015 года ў "Вяснянцы" прайшоў пазачарговы агульны сход акцыянераў, на якім было вырашана не адкрываць працэдуру банкруцтва. "Вяснянка" — былая швейная фабрыка імя Валадарскага, заснаваная ў 1929 годзе. Яна ўваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам" і з'яўляецца адным з найбуйнейшых суб'ектаў гаспадарання па выпуску швейных вырабаў у Беларусі і краінах СНД.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі