Расія дамаглася, каб Беларусь транспартавала нафтапрадукты праз расійскія порты

08/12/2017 - 09:45

Расія дамаглася, каб Беларусь транспартавала нафтапрадукты праз расійскія порты. Ужо заключаны кантракт на пастаўку партыі нафтапрадуктаў (72 тысячы тон), паведаміў старшыня “Белнафтахіму” Ігар Ляшэнка. Паводле яго слоў, пакупнік з Расіі, пастаўка будзе адбывацца ў снежні і студзені.

Адказваючы на пытанне, ці выгадна гэта Беларусі, Ляшэнка адзначыў, што ў гэтым зацікаўленыя абодва бакі. “Гэта прыклад нармальнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”, — цытуе словы старшыні “Белнафтахіму” БЕЛТА. Ігар Ляшэнка адзначыў, што калі эканамічныя ўмовы Беларусі будуць выгадныя, у 2018-м экспарт нафтапрадуктаў з нашай краіны праз расійскія порты можа скласці да 1 млн тон.

Як вядома, расійскі бок у апошнія гады дамагаўся, каб беларусы пагадзіліся на пастаўкі нафтапрадуктаў праз расійскія порты. Аднак Мінск не здаваўся, працягваў пастаўкі праз краіны Балтыі. Аднак у жніўні 2017-га кіраўнік Расійскай чыгункі Алег Белазёраў на адной з нарад паскардзіўся Уладзіміру Пуціну, што Беларусь адмаўляецца ад яго паслуг па перавозцы нафтапрадуктаў з НПЗ у порты Усць-Лугі і Санкт-Пецярбурга. Нават нягледзячы на 50%-я зніжкі.

Пуцін выказаўся жорстка. Ён сказаў, што пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь трэба прывязаць да транспарціроўкі нафтапрадуктаў праз Расію. Расійскі прэзідэнт падкрэсліў, што акрамя нафты з Расіі іншай у Беларусі на нафтаперапрацоўчых заводах няма і яна “наўрад ці з’явіцца”. Можна меркаваць, што ўлады Беларусі часткова пагадзіліся на патрабаванні расіян і цалкам ад інфраструктуры краін Балтыі не адмовіліся.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі