"Расэнергаатам" абвяргае інфармацыю аб выбуху генератара на Новаваронежскай АЭС

21/11/2016 - 11:55

Напрыканцы мінулага тыдня шэраг расійскіх СМІ паведамілі аб надзвычайнай сітуацыі на Новаваронежскай эксперыментальнай АЭС. Па словах мясцовых жыхароў, на адным з блокаў станцыі адбыўся выбух, які суправаджаўся выкідам вялікай колькасці пару. Як паведаміў у размове з Еўрарадыё расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі, падрабязнай інфармацыі аб інцыдэнце па стане на 16 лістапада не было. На думку эксперта, гаворка можа ісці не пра выбух, а пра знішчэнне генератара. Гэта не нясе за сабой пагрозы радыеактыўнага забруджвання, аднак можа стаць прычынай вялікіх фінансавых страт ― генератар фактычна з'яўляецца неад'емнай часткай энергаблока і каштуе вялізных сродкаў.

Для Беларусі сітуацыя на Новаваронежскай АЭС цікавая тым, што менавіта там праходзяць выпрабаванні рэактараў, турбін і генератараў, якія расіяне збіраюцца паставіць на Астравецкай АЭС.

Днём 21 лістапада з рэдакцыяй Еўрарадыё звязаліся прадстаўнікі канцэрна "Расэнергаатам". Па іх словах, інфармацыя аб выбуху і знішчэнні генератара аднаго з блокаў Новаваронежскай АЭС не адпавядае рэчаіснасці. Гаворку можна весці толькі аб "адмове генератара".

"Як паведамлялася раней, у ноч на 10 лістапада 2016 падчас правядзення выпрабаванняў энергаблока №6 НВАЭС адбылася адмова электрычнага генератара, што прывяло да адключэння энергаблока ад сеткі. Сістэмы абароны станцыі адпрацавалі ў штатным рэжыме. Папярэдняя ацэнка адхілення па міжнароднай шкале ядзерных падзей INES ― "нуль", гэта значыць з'яўляецца неістотнай для бяспекі станцыі і персаналу. Па выніках падзеі была сфармаваная камісія, якая вызначае прычыну адмовы. У якасці асноўнай разглядаецца версія кароткага замыкання на электратэхнічным абсталяванні. Былі абмеркаваныя два варыянты выхаду з сітуацыі, што склалася: правядзенне рамонтных работ па месцы ўстаноўкі генератара, або замена статара генератара на новы, раней пастаўлены для энергаблока №7. У выніку найбольш аптымальным тэхнічным рашэннем быў прызнаны другі варыянт з заменай статара генератара", ― гаворыцца ў паведамленні "Расенергаатама", дасланым на адрас рэдакцыі Еўрарадыё.

Прадстаўнік расійскай карпарацыі таксама даслаў фота, зробленае, па яго словах, на месцы здарэння.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі