Прыдатныя ўмовы і кароткая спадніца: Расія сама сябе штурхае да захопу Беларусі

17/06/2020 - 15:46
Прарасійскія дэманстранты ў Данецку ў 2014 годзе / Reuters

Новы віток канспіралогіі на тэму захопу Беларусі "усходнім суседам" набірае абароты ў прарасійскіх медыярэсурсах. Рыторыка вар'іруецца ад выключна добраахвотнага "аб'яднання брацкіх народаў" да раскрыцця таемных планаў трэціх сіл, якія "падштурхоўваюць" Расію да аншлюсу. А хтосьці і зусім піша, як у які-небудзь дзень (магчыма, у нядзелю) беларусы прачнуцца ў Расіі — без адзінага стрэлу.

Тое, што пасля леташняй "глыбокай інтэграцыі", якую фарсіравала Расія, у медыя зноў мусіруецца пытанне пра мэтазгоднасць і апраўданасць "зліцця" або "паглынання", не можа не турбаваць.

Кароткая спадніца Беларусі

Галоўны рэдактар сайта IMHOclub Аляксей Дзермант, аналізуючы выказванні заходніх экспертаў і розных thinktanks, прыходзіць да высновы: Расію падштурхоўваюць да аншлюсу Беларусі. Былы супрацоўнік ЦРУ і прэзідэнт Джэймстаўнаўскага фонду Глен Ховард вельмі здзівіўся б, даведаўшыся, што менавіта ягоны даклад "Рост значэння Беларусі на балтыйскім флангу НАТА" штурхае Сінявокую ў недружалюбныя абдымкі ўсходняй суседкі.

"Беларусь успрымаецца як францір Еўропы і буферная зона, што кантрастуе з пазіцыяй беларускіх уладаў, якія ўсяляк падкрэсліваюць тое, што не хацелі б бачыць краіну лініяй фронту і буфернай зонай. Беларусь і Лукашэнка параўноўваюцца з Югаславіяй і Ціта, што можна інтэрпрэтаваць як імкненне падштурхнуць Беларусь да канфлікту з Расіяй на ўзор таго, як Ціта канфліктаваў са Сталіным, — лічыць Дзермант. — Даклад Ховарда і яго заявы, магчыма, павінны правакаваць Маскву на больш жорсткае стаўленне да Мінска, каб той у выніку рушыў у абдымкі Захаду".

Дзермант заўважае, што і іншы супрацоўнік Джэймстаўнаўскага фонду — Джэймс Карпэнтэр — у адным з інтэрв'ю таксама гаворыць пра аншлюс: "Беларускаму кіраўніцтву ідэя аншлюсу вельмі не падабаецца, Беларусі трэба больш адкрывацца Захаду, калі аншлюс адбудзецца, Захад, прынамсі старая Еўропа, нічога не зробіць".

 

На думку рэдактара IMHOclub, менавіта заходнія эксперты, якія нібыта спецыяльна ствараюць для Беларусі вобраз "лёгкай здабычы", у выпадку чаго будуць вінаватыя ў далучэнні нашай краіны Расіяй. Вядома, бо яны правакуюць Крэмль, проста падштурхоўваюць яго да аншлюсу! Гэта нагадвае абвінавачанні, якія часта гучаць на адрас жанчын, якія сталі ахвярамі гвалту: ды яна сама справакавала гвалтаўніка, паглядзіце, у якой яна кароткай спадніцы!

Дзермант не абыходзіць бокам і інтарэсаў Польшчы. Маўляў, яна "пад амерыканскім і натаўскім парасонам будзе праяўляць асаблівы інтарэс да Беларусі або яе частак, аж да ўзброенага канфлікту з перспектывай вялікай вайны". І нарэшце, навошта ўся гэтая мітусня патрэбна падступным амерыканцам: "Натуральна, гэта пахавае нармалізацыю адносін Расіі з ЕС, Францыяй і Германіяй".

Наратыў "польскіх інтарэсаў" у Беларусі, дарэчы, не новы. Мы аналізавалі яго ў нашым мінулым аглядзе. Там Польшчу старанна выстаўлялі агрэсарам і захопнікам, ад якога Беларусі трэба абараніцца, увайшоўшы ў склад Расіі.

 

"Прыдатныя ўмовы для аб'яднання"

Безыменны аўтар сайта "Звесткі.інфо" вырашыў падзяліцца сваёй вельмі важнай думкай пра тое, што пасля падзення Берлінскай сцяны ў Расіі і Беларусі ўтварыўся найбольш цесны і перспектыўны "саюз":

"Усходні выбар вынікае перш за ўсё з неабходнасці і перспектывы больш цеснага супрацоўніцтва славянскіх краін-суседак.

Такое супрацоўніцтва адлюстроўвае наяўнасць агульнай гісторыі, мовы, а таксама падабенства культур і рэлігій, на якія распад Савецкага Саюза не аказаў практычна ніякага ўплыву".

Што дзіўна — сайт "Zviestki" робіць "каманда журналістаў з Беларусі", якія паведамляюць пра сябе, што "вельмі любяць сваю краіну". Вось толькі іншую краіну яны, здаецца, любяць больш. А што да Беларусі, дык яны нават не патурбаваліся пра тое, каб вывучыць правільную назву. У тэксце сустракаецца "Белорусь" — яшчэ больш загадкавая, чым "Белоруссия".

Якія доказы прыводзіць невядомы аналітык, каб падмацаваць сваю асноўную думку?

"Гэтаму сведчанне — аўдыторыя рускамоўных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі [аўтарскае напісанне — "Белоруси". — Еўрарадыё], дзе расійскія тэлеканалы праглядае ў 3 разы больш людзей, чым беларускія. Іншае пацвярджэнне — інтэнсіўнасць патокаў знешняга гандлю, якія ёсць непасрэдным вынікам савецкай эканомікі".

Нешта яшчэ? А не, на гэтым усё, запас доказаў вычарпаны. Адразу выснова: сёння для беларусаў развіццё адносін з Расійскай Федэрацыяй важнейшае, чым з заходнімі краінамі. Шах і мат, Еўрасаюз!

І вішанька на гэтым жалезабетонным торце: "Мы ўпэўненыя, што сёння склаліся самыя прыдатныя ўмовы для пачатку актыўнай фазы аб'яднання двух брацкіх народаў".

Без адзінага стрэлу

У эфіры ўкраінскага тэлеканала ATR дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Дзмітрый Лубінец заявіў, што наступныя на чаргу па захопе Расіяй: краіны Балтыі, Польшча ці Беларусь. За гэтую заяву ўхапіліся прарасійскія медыярэсурсы.

Сутнасць у тым, што ўкраінскі дэпутат Лубінец лічыць памылковай думку, што Беларусь "ужо і так пад кантролем Расіі":

"Многія недаацэньваюць, лічаць, што Беларусь ужо і так пад кантролем Расіі. Я кажу — не, гэта не так. Пакуль юрыдычна Беларусь — гэта незалежная дзяржава, і Расію гэта таксама не задавальняе, таму, паверце, Беларусь таксама калі-небудзь прачнецца рана раніцай, хутчэй за ўсё, гэта будзе нядзеля, і высветліцца, што яны ўвайшлі ў склад Расійскай Федэрацыі. Там, напэўна, гэта будзе зроблена без адзінага стрэлу".

Тыражаванне гэтых слоў стварае пэўны інфармацыйны фон: маўляў, Расія не хоча, але абавязаная захапіць, далучыць, інтэграваць Беларусь. Прычын маса: яе "прымушаюць", "прыдатныя ўмовы", ніхто не ў стане супраціўляцца, Захад нічога не зробіць у адказ і г. д. А раз так, то... чаму не?

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі