Прэзідэнт Літвы склікае нараду Дзяржсавета абароны з-за сітуацыі з мігрантамі

09/07/2021 - 09:58
Пасяджэнне Дзяржсавета абароны Літвы адбудзецца ў панядзелак / lrt.lt

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа склікае пасяджэнне Дзяржаўнага савета абароны ў сувязі з праблемай мігрантаў на мяжы з Беларуссю, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу кіраўніка літоўскай дзяржавы

"Пасяджэнне адбудзецца ў панядзелак", — адзначаецца ў паведамленні. Плануецца абмеркаваць пытанні аховы мяжы, а таксама стратэгію па кіраванні крызісам міграцыі. У сустрэчы возьмуць удзел кіраўнікі МЗС, МУС, старшыня парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне, начальнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы, старшыня Асацыяцыі самакіраванняў Літвы.

З пачатку года ў Літве затрыманыя 1 546 нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у краіну з тэрыторыі Беларусі. Гэта амаль у 20 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. Тыдзень таму, 2 ліпеня, урад быў вымушаны абвясціць у краіне рэжым надзвычайнай сітуацыі ў сувязі з міграцыйным крызісам. Толькі за мінулыя суткі памежнікі спынілі 37 чалавек, якія спрабавалі незаконна трапіць у Літву з Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ў апошнія месяцы неаднаразова казаў, што Беларусь можа і перастаць быць бар'ерам на шляху перакідвання наркотыкаў і нелегальных мігрантаў у суседнія краіны. "Сёння мы гэтым займаемся, але роўна настолькі, наколькі гэта неабходна і выгадна нашай краіне"казаў ён, у прыватнасці на днях, каментуючы сітуацыю з мігрантамі на мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі