Прадстаўнік АБСЕ вязе ў Мінск выніковую справаздачу па прэзідэнцкіх выбарах

27/01/2016 - 12:24

Намеснік старшыні ПА АБСЕ, кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на беларускіх прэзідэнцкіх выбарах 2015 года Кент Харстэт наведае бліжэйшымі днямі Мінск. У каментары Еўрарадыё ён паведаміў, што асабіста прывязе выніковую справаздачу АБСЕ па леташніх выбарах.

Кент Харстэт: “Хутка я збіраюся наведаць Мінск, дзе ў мяне адбудзецца сустрэча з прадстаўнікамі беларускага ўраду, каб прадставіць ім выніковую справаздачу АБСЕ. Справаздача змяшчае некаторыя рэкамендацыі, якія тычыцца зменаў у працэс выбараў”.

Як паведаміў Еўрарадыё сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, усё, што “рацыянальна і рэальна з тых рэкамендацый, мы будзем імкнуцца браць на ўзбраенне, імкнуцца выканаць у межах Канстытуцыі і Выбарчага кодэксу”. Іншая справа, што да парламенцкіх выбараў, якія павінны прайсці ў нашай краіне да верасня 2016 года, большасць рэкамендацый АБСЕ беларускі бок выканаць не зможа.

Мікалай Лазавік: “Да прыкладу, яны рэкамендуюць правесці заканадаўчую рэформу з улікам рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ. Але гэта адназначна, нават паводле рэкамендацый Венецыянскай камісіі і самога БДІПЧ, немагчыма — рэформы заканадаўства непажадана праводзіць менш, чым за адзін год да выбараў. Ну, а такія тэхнічныя рэкамендацыі, як, да прыкладу, наконт павышэння адкрытасці асобных працэсаў — тут у нас пярэчанняў няма. Будзем думаць, што можна зрабіць, каб была большая адкрытасць усіх этапаў выбарчых працэсаў”.

Па словах Лазавіка, падчас гэтага візіту прадстаўніка АБСЕ ў Мінск гаворка наконт назірання місіі АБСЕ за сёлетнімі парламенцкімі выбарамі ісці не будзе. Найперш таму, што яшчэ нават дата правядзення выбараў не прызначаная. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі