Прадпрыемствы расійскага ВПК завінаваціліся Беларусі сур'ёзныя сумы

08/07/2024 - 19:15

Узбраенне на выставе MILEX-2023 у Мінску / "Ваяр"

Расійскія вайсковыя прадпрыемствы завінаваціліся Беларусі значныя сумы. За Мінабароны лічыцца найбольшая сума пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў Беларусі.

Пра гэта сведчаць дакументы Камітэту дзяржкантролю аб выкананні бюджэту за 2023 год. Рэдакцыя "Флагштока" азнаёмілася з імі дзякуючы Аб'яднанню былых сілавікоў BELPOL.

Сума пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў арганізацый Міністэрства абароны на 1 студзеня 2024 года склала 5 818 тысячы рублёў (1,8 млн долараў). Гэта 51,3% ад усёй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці па сродках рэспубліканскага бюджэту. Пасля Мінабароны другое месца па суме пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці займаюць арганізацыі, падпарадкаваныя Гомельскаму аблвыканкаму (3 113,2 тысячы рублёў, ці 27,5%).

Як заяўляюць у КДК, больш за 90% пратэрмінаванай запазычанасці ў Мінабароны складаюць неадпрацаваныя авансы, выплачаныя расійскім вытворцам.

Напрыклад, з 2019 года "завісла" дэбіторская запазычанасць на 751 тысячу рублёў за аплачаныя, але не пастаўленыя расійсай кампаніяй "Тантал" магнетронныя імпульсныя ўзмацняльнікі. Грошы не ўдалося вярнуць нават з дапамогай суда. У 2021 годзе пасля задавальнення іскавых патрабаванняў Міністэрства абароны было ўключана ў рэестр крэдытораў.

Пратэрмінаваная запазычанасць на 647,9 тысячы рублёў лічыцца з лістапада 2020 года за АТ "Верталёты Расіі", якое мусіла адрамантаваць асобныя вузлы тэхнікі.

А найбуйнейшым даўжніком з'яўляецца ГЗАС імя Папова. Гэтае расійскае вайсковае прадпрыемства лічыцца ў даўжніках з лістапада 2023 года ў сувязі з няпоўным выкананнем абавязацельстваў па вырабе рухомага вузла сувязі. Расіяне атрымалі аванс 3 342,4 тысячы рублёў, што складае 60% поўнай аплаты. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі