Польская еўрадэпутатка: У Бруселі няма размоваў пра паслабленні для Лукашэнкі

05/09/2023 - 10:43

Ганна Фатыга / facebook.com/Anna.Fotyga.PE / Ганна Фатыга / facebook.com/Anna.Fotyga.PE

Лукашэнка то хоча мірыцца з Польшчай, то зрываецца на савецкія ідэалагічныя штампы пра натаўскую ваеншчыну. А абстаноўка на межах Беларусі з краінамі Еўрасаюза застаецца напружанай. Палякі, літоўцы і латышы патрабуюць вывесці вагнераўцаў і спыніць плыні мігрантаў — інакш межы закрыюцца. Але ў адказ ім кажуць, каб спярша вывелі замежных вайскоўцаў са сваіх краінаў.

Пра стаўленне палякаў да гэтай сітуацыі, Лукашэнкі і Беларусі, а таксама пра спосабы, якімі Брусэль хоча вырашыць “беларускае пытанне”, мы пагутарылі з Ганнай Фатыга — польскай еўрадэпутаткай, прадстаўніцай кіруючай у Польшчы партыі “Закон і справядлівасць”.

Еўрарадыё: У Варшаве лічаць, што Мінск можа пайсці на саступкі пад пагрозай закрыцця межаў. На ваш погляд, наколькі верагодны такі сцэнар і чаму Лукашэнка раптам павінен зацікавіцца супрацай з Захадам?

Ганна Фатыга: З таго, што я чула з заяваў ці міністра абароны, ці прадстаўнікоў міністэрства замежных спраў, усе пункты пропуску будуць зачыненыя, калі ўмовы бяспекі ў Беларусі зменяцца ў горшы бок. То бок, гэтая заява была зусім іншая.

На агульным пасяджэнні прадстаўнікоў міністэрстваў Польшчы і краінаў Балтыі былі зробленыя тыя ж высновы. Гэта значыць, цяпер ёсць вялікая доля асцярожнасці і гатоўнасці да закрыцця межаў. Было выстаўлена вельмі выразнае патрабаванне да Беларусі — вывад груповак “Вагнера” і выдаленне з польскай мяжы (бо гэта было польскае патрабаванне) так званых мігрантаў, якіх выпіхваюць беларускія службы, КДБ. Мы ўсе ведаем, што гэта людзі, якіх легальна завозіць у Беларусь рэжым Лукашэнкі.

Таксама, калі ласка, не кажыце мне пра дыялог. Я шмат гадоў удзельнічаю ў фармаванні законаў Еўрасаюза. Да гэтага пытання мы ставімся даволі ўпэўнена. Я  адна з кіраўніц, ініцыятарак палажэнняў у дакументах ЕС. Я была гаспадыняй канферэнцыі Каліноўскага [форум, прысвечаны праблемам Беларусі пад эгідай Офіса Святланы Ціханоўскай, Еўрапарламента і Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў. — Еўрарадыё] у Брусэлі. Хутка ў нас будзе даклад пра сітуацыю ў Беларусі. Я не бачу тут дыскусіі на тэму паслабленняў, асабліва ў цяперашніх умовах. Польшча ўзбройваецца і рыхтуецца да ўсіх сцэнараў. Наколькі я ведаю, Лукашэнку проста паставілі ўльтыматум.

Еўрарадыё: Шэраг экспертаў перакананыя, што тэма вагнераўцаў у Беларусі — карта, якую разыгрываюць польскія палітыкі падчас перадвыбарчай гонкі. Ці сапраўды ў Польшчы вераць, што вагнераўцы могуць прарвацца праз мяжу?

Ганна Фатыга: Пытанне прысутнасці вагнераўцаў — гэта не пытанне электаральнай гульні польскіх палітыкаў. Мы добра ведаем, што вагнераўцы былі [ля мяжы. — Еўрарадыё]. Мы ведаем, што паведамлялі спецслужбы многіх краін — сябраў НАТА. У мяне ёсць свае звесткі на гэтую тэму. І, калі ласка, размаўляйце не са мной, а пытайцеся прадстаўнікоў польскага ўрада, з якой мэтай яны гэта робяць. Заявы, якія я чую, разумныя і накіраваныя для паляпшэння бяспекі як тэрыторыі і жыхароў Польшчы, так і тэрыторыі ўсяго ЕС.

Нагадаю, многія эксперты і палітыкі нейкі час таму заяўлялі, што пагрозы няма, і трэба пускаць гэтых так званых мігрантаў, некаторыя з якіх прайшлі падрыхтоўку ў Расіі, а некаторыя — гэта людзі, прывезеныя з канфліктных краін. У гэты момант групы “Вагнера” знаходзіліся ў памежных раёнах.

Мы супрацоўнічаем з краінамі рэгіёну, у нас падобная пазіцыя па гэтым пытанні. Магчыма, Лукашэнка і Беларусь вырашаць выпіхнуць групу “Вагнера” ў Расію, але мы ў гэтым не ўпэўненыя. Я не маю сакрэтнай інфармацыі і не буду яе абмяркоўваць. Перакананая, што дзеянні, якія прымае Польшча, неабходныя для забеспячэння бяспекі. Ля нашых межаў ідзе вайна.

Ганна Фатыга слухае "Пагоню" у выкананні Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука / facebook.com/Anna.Fotyga.PE

Еўрарадыё: Ці вам не падаецца, што нават калі Лукашэнка спыніць атаку мігрантамі, усе астатнія праблемы застануцца? Я маю на ўвазе ўціск польскай меншасці, руйнаванне могілак жаўнераў Арміі краёвай, пераслед беларусаў з картай паляка. Як у гэтым кантэксце вы бачыце перспектывы суіснавання дзвюх суседніх дзяржаў?

Ганна Фатыга: Палітыка Еўрасаюза адносна Беларусі, якую я фармую (і, паверце, з дапамогай паправак я моцна ўплываю на тое, што выходзіць у дакументах Еўрапарламента), — гэта даволі рашучая палітыка. Я даўно прытрымліваюся такой думкі, гэтую думку прадстаўляў мой патрон — прэзідэнт Лех Качыньскі, такую ​​палітыку працягвае “Закон і справядлівасць”. Мы вельмі доўга назіраем за дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі, і яны не змяняюцца (за некаторымі выключэннямі, калі былі спробы дыялогу, але гэта было задоўга да выбараў і вайны ва Украіне). Але я думаю, што тыя, хто нясуць адказнасць за сваю нацыю, могуць спрабаваць розныя метады.

Польская палітыка паслядоўная. Прэм'ер-міністр і прэзідэнт Польшчы сустракаюцца са Святланай Ціханоўскай. У Польшчы мы прымаем вялікую групу палітычных уцекачоў з Беларусі. Гэтыя людзі, бясспрэчна, пераследуюцца і з’яўляюцца палітычнымі ўцекачамі. Нагадаю таксама, што менавіта ў Польшчы, у Варшаве, праходзіла канферэнцыя “Новая Беларусь” з удзелам усіх ці большасці апазіцыйных груп. Гэта было летам, і яны прымалі важныя дакументы. Калі ласка, не прасіце мяне перакладаць надуманыя абвінавачанні для нейкай апазіцыі, недасведчанай у сітуацыі, ці экспертаў пра дыялог, бо я не бачу ніякага дыялогу [з Лукашэнкам. — Еўрарадыё].

Еўрарадыё: Наколькі ў Еўрапарламенце ўвогуле часта падымаецца пытанне Беларусі?

Ганна Фатыга: Часта і вельмі часта, і робіцца гэта дзякуючы такім асобам, як я, як некаторыя літоўскія дэпутаты, дэпутаты з іншых краін Балтыі. У верасні будзе галасаванне па сур'ёзным дакладзе, аўтарам якога з'яўляецца выдатны літоўскі дэпутат, які добра ведае сітуацыю і падтрымлівае беларускую апазіцыю. Мы з ім вельмі добра разумеем адно аднаго і пагаджаемся. Я думаю, што і кампрамісы ў дакладзе, і той варыянт, за які прагаласуюць, напэўна выклічуць вялікую дыскусію.

Гэта таксама будзе суправаджацца канферэнцыяй Каліноўскага, якая ў папярэднім варыянце праходзіла ў Брусэлі. Яна аб’яднала прадстаўнікоў і галасы выключна Вольнай Беларусі. Ніякіх рэжымных галасоў не было. Таму я думаю, што нейкае разуменне ёсць.

Еўрарадыё: То бок, дэпутаты разумеюць, што калі нават Украіна выйграе вайну, а Лукашэнка застанецца пры ўладзе, то гэта абсалютна не гарантуе бяспеку рэгіёну?

Ганна Фатыга: Не, такога разумення няма, таму што, на маю думку, паўтаруся, многія мае калегі — знаўцы гэтай тэмы лічаць, што перамога Украіны зменіць агульную сітуацыю. Але я не думаю, што Лукашэнка застанецца ва ўладзе пасля перамогі Украіны, і, адпаведна, пасля значнага аслаблення Расіі.

Ганна Фатыга разам з беларускімі палітыкамі і актывістамі падчас форума Каліноўскага ў Бруселі / facebook.com/Anna.Fotyga.PE

Еўрарадыё: Еўрадэпутаты заклікалі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Аляксандра Лукашэнкі за ўдзел у незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей. У той жа час Лукашэнка катуе ўласны народ, і гэтым злачынствам не бачна ні канца ні краю. Наколькі добра ў Еўрапарламенце ведаюць пра тое, што насамрэч адбываецца ўнутры нашай краіны? Што з гэтым рабіць?

Ганна Фатыга: Як я ўжо казала, ключавымі з’яўляюцца беларусы, якія ваююць ва Украіне, на ўкраінскім баку супраць Расійскай Федэрацыі. Яны вырашаюць вынік вайны.

Перамога Украіны прынцыпова зменіць сітуацыю ў Беларусі. На мой погляд, цяпер недарэмна паляпшаюцца адносіны паміж украінскімі ўладамі і беларускай апазіцыяй, якая ўсё больш самаарганізоўваецца. У Еўрапарламенце мы гэта ўвесь час паўтараем, хоць часта кажуць і пра расійскую апазіцыю. Такія размовы вяліся пасля таго, як Пуцін выпіхнуў расіян, якія не жадалі ўдзельнічаць у вайсковых дзеяннях, за межы сваёй краіны падчас мабілізацыі.

Беларуская нацыя, беларусы — у зусім іншай сітуацыі. Бо там рэжым выступае супраць грамадства. Расіяне, грамадзяне Расійскай Федэрацыі, на жаль, пераважнай большасцю, на мой погляд, падтрымліваюць гэтую агрэсію Пуціна. Няма сумневу, што беларусы не падтрымліваюць дзеянняў рэжыму Лукашэнкі. Беларусы самаарганізоўваюцца, гэта адбываецца з часоў выбараў. У дакументах Еўрапарламента мы называем Аляксандра Лукашэнку ўзурпатарам. Мы не сумняваемся ў гэтым.

Еўрарадыё: Але, напрыклад, у Літве апошнім часам ідуць размовы пра прыраўноўванне беларусаў да расіян. На вашу думку, ці справядлівыя такія меркаванні?

Ганна Фатыга: Не чула такіх думак, таму цяжка каментаваць. Я лічу, што Літва — адна з тых дзяржаў, якая на міжнароднай арэне падтрымлівае беларусаў. Ведаю заявы прэзідэнта Літвы, прэм’еркі і дэпутатаў. Людзі, не зважаючы на палітычныя рознагалоссі, вельмі падтрымліваюць беларускі народ. Шчыра кажучы, не бачу нагоды для каментавання. 

facebook.com/Anna.Fotyga.PE

Еўрарадыё: Еўрапарламентарыі сочаць за лёсам беларускіх палітвязняў, перыядычна высоўваючы патрабаванні іх тэрміновага вызвалення. Аднак гэта толькі словы. На якія дзеянні еўрадэпутаты гатовыя пайсці, каб Анджэй Пачобут, Марыя Калеснікава, Павел Севярынец выйшлі на волю?

Ганна Фатыга: Я перажыла ваеннае становішча ў Польшчы [1981—1983 гады. — Еўрарадыё]. Можна казаць, што гэта толькі словы, але зацікаўленасць заходняга свету з’яўляецца ключавой. Вы добра ведаеце, што менавіта Польшча і Літва змагаліся за санкцыі, якія павінныя змусіць і змушаюць рэжым Лукашэнкі ісці на саступкі.

Што можна зрабіць? Забяспечваць Украіну зброяй, грунтоўна яе пастаўляць, падтрымліваць Украіну ў гэтай барацьбе. Я не сумняюся, што трэба ціснуць на рэжым Лукашэнкі, напрыклад, праз санкцыі, агучваць справу кожнага асобнага палітвязня... І мы нон-стоп робім публікацыі, гаворым не пра лічбы, а пра канкрэтныя імёны. І гэта робяць не ананімныя еўрапейскія дэпутаты. Таму што Еўрасаюз — гэта вялікая тэрыторыя, і сярод іншых, ёсць розныя інтарэсы краін-сябровак. Безумоўна, Польшча і краіны Балтыі тут лідуюць у прасоўванні і вырашэнні гэтай тэмы.

Еўрарадыё: Стала вядома, што рэжым Лукашэнкі цалкам ізаляваў Анджэя Пачобута ў турме. Ён не мае магчымасці атрымліваць лекі, тэлефанаваць блізкім. На вашу думку, чаго праз ціск на Пачобута хоча дасягнуць Лукашэнка?

Ганна Фатыга: Ад пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расійскай Федэрацыі ва Украіне Лукашэнка асабліва выступае супраць польскай меншасці. Але і мы ў Еўрапарламенце, і польскія ўлады, і польскія дэпутаты намагаемся засяроджвацца не толькі на паляках і людзях польскага паходжання, якія жывуць і змагаюцца за свабоду Беларусі, але на ўсіх палітычных зняволеных. Мы кажам пра гэта пастаянна.

Я ведаю, што Анджэя Пачобута на шэсць месяцаў закінулі ў карцар, то бок гэта дадатковыя абвастрэнні ад рэжыму. Гэтыя прысуды Анджэю і іншым вязням… Алесю Бяляцкаму, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру… Гэта надзвычайна, калі так абыходзяцца з такім вядомым і заслужаным чалавекам. Аналагічнае стаўленне і да лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры [Святланы Алексіевіч. – Еўрарадыё]. Вядома, што Лукашэнка ад пачатку гэтай вайны выкарыстоўваў метады, якія пераняў ад Пуціна, у такой фанабэрыі ў адносінах да знешняга свету.

Часам здаецца, што цяпер ён крыху напалоханы, што яму пагражае многае. І мы хочам пасля гэтай вайны дапільнаваць, каб тыя, хто нясе адказнасць за дзеянні, якія адбываюцца на тэрыторыі Беларусі, і якія кваліфікуюцца як генацыд (я кажу пра прымусовыя дэпартацыі і дэнацыяналізацыю ўкраінскіх дзяцей), былі пакараныя за супрацоўніцтва з пуцінскім рэжымам.

Мы ўсё гэта адсочваем, мы збіраем ​​інфармацыю пра ваенныя злачынствы ва Украіне, і пра тое, наколькі беларускі рэжым супрацоўнічае з рэжымам Пуціна ў гэтай справе. Калі ласка, памятайце, што Польшча таксама мае свае цвёрдыя інтарэсы ў сферы бяспекі і павінна іх рэалізоўваць. У тым ліку, часам нават выставіць такому рэжыму ўльтыматум.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі