У ААН заслухалі даклад аб сітуацыі ў РБ — за Лукашэнку ніхто не заступіўся

04/07/2024 - 06:15

Удзельнікі паседжання канстатавалі, што сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Ні адна краіна не заступілася за рэжым Аляксандра Лукашэнкі на сесіі Савета па правах чалавека (СПЧ) ААН, дзе напярэдадні абмяркоўвалі даклад аб сітуацыі ў Беларусі, піша "Позірк". Дакумент агучыла спецдакладчык СПЧ ААН Анаіс Марэн.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс ад імя краін Паўночнай Еўропы зазначыў, што сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, рэпрэсіі "дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню". Частку з гэтых рэпрэсій, паводле слоў Ландсбергіса, можна кваліфікаваць як злачынствы супраць чалавечнасці. Ён заклікаў узмацніць ціск на ўлады Беларусі.

Усе астатнія спікеры, якія прынялі ўдзел у абмеркаванні, таксама казалі аб пагаршэнні сітуацыі — знішчэнні ў Беларусі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, аб пераследзе журналістаў і праваабаронцаў, адвольных арыштах і жорсткім абыходжанні ў месцах зняволення, катаваннях і смерцях у калоніях. Яны заклікалі рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў, а таксама спыніць садзейнічанне расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Сваю пазіцыю агучылі прадстаўнікі Еўрасаюза, Аўстрыі, Албаніі, Арменіі, Бельгіі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Канады, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Малдовы, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Славеніі, ЗША, Украіны, Францыі, Чэхіі і Швейцарыі, а таксама шэрагу няўрадавых арганізацый. Прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска на паседжанні не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі