Серыял The Last of Us / HBO
Заходнія студыі і тэлеканалы акрыялі ад шоку, якім стаў пандэмійны лакдаўн, з усімі пераносамі здымак і затрымкамі праектаў, і зноў радуюць колькасцю новых серыялаў. Як не заблытацца ў такой колькасці назваў? Еўрарадыё сабрала топ серыялаў гэтай зімы, якія атрымалі выдатныя водгукі і крытыкаў, і гледачоў.
Адаптацыі гульняў у фільмы і серыялы рэдка заканчваюцца поспехам: праваліўся ў свой час "Прынц Персіі", няўдалымі былі фільмы пра Лару Крофт, крытыку зазнаў і "Анчартэд". Але "The Last of Us" ("Апошнія з нас"), здаецца, змаглі перамагчы гэты стэрэатып: пасля прэм'ернага паказу на HBO і крытыкі, і гледачы засталіся ў захапленні. Яшчэ б: адзін са стваральнікаў серыяла — аўтар таго самага "Чарнобыля", а ў галоўных ролях — знаёмыя па "Гульні тронаў" акцёры.
"Апошнія з нас" — постапакаліпсіс: у свеце бушуе страшны грыбок, які ператварае людзей у пагрозлівае нешта, якое нападае на іншых. Галоўныя героі — мужчына і яго дачка-падлетак, якія спрабуюць выжыць.
Зняты аўтарам фільмаў "Драйв" і "Неонавы дэман" Нікаласам Віндынгам Рэфнам, "Каўбой з Капенгагена" — мудрагелісты шасцігадзінны неануар, які можна цалкам паглядзець за адзін выходны. Расказваць пра сюжэт серыяла складана: тут і паранармальныя здольнасці, і адваротны бок крымінальнага свету Даніі. І ўсё гэта — з арыгінальным (і часам вельмі дзіўным) візуалам.
Так, "Каўбой з Капенгагена" ад Netflix нельга назваць серыялам для таго, каб адпачыць, але атрымаць ад яго задавальненне, асабліва калі вы стаміліся ад класічных дэтэктываў, дакладна ўдасца.
Гэты серыял пачаў выходзіць яшчэ летам 2021-га, але ўсе загаварылі пра "Белы лотас" толькі пасля таго, як некалькі фраз адтуль завірусіліся ў Ціктоку. Хоць гэта не адзіны моцны бок серыяла ад HBO: за два сезоны, якія ўжо выйшлі (апошні — у канцы восені 2022-га), стваральнікі атрымалі нямала прыстойных узнагарод і намінацый, у тым ліку "Залаты глобус".
Камедыйна-драматычны (во спалучэнне, праўда?) "Белы лотас" расказвае пра групу адпачывальнікаў у аднайменным гатэлі. Ну а што яны там перажываюць — варта ўбачыць самім.
Яшчэ адзін заблытаны серыял ад Netflix, які выйшаў у канцы мінулага года. "1899" знялі стваральнікі ўжо культавай "Цемры" — але стрымінг вырашыў не працягваць шоу на другі сезон. Але гэта не азначае, што глядзець яго не варта.
У цэнтры сюжэту — група людзей на параходзе з Лондана ў Нью-Ёрк, якая спрабуе разгадаць заблытаную і страшную таямніцу. Самае тое, каб захапіцца на некалькі гадзін.
Яшчэ адзін еўрапейскі прадукт, "Sexify", зняты польскімі партнёрамі Netflix. Самы лёгкі серыял з нашай падборкі: простая камедыя пра дзяўчыну-праграмістку, якая рашыла зрабіць мабільную праграму для сексу. У пачатку студзеня выйшаў другі сезон — і там прыгоды ў гераіні і яе сябровак сталі яшчэ больш пацешнымі (і больш жыццёвымі).
Вядома, гэта не "Палавое выхаванне", але і польскі серыял можа быць простым, лёгкім і пацешным. Прабавіць час, пакуль за акном дрэннае надвор'е, ён дапаможа дакладна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут