Арыштаваны 75‑гадовы рэдактар выдавецтва "Тэхналогія" Зміцер Санько

27/03/2026 - 10:51

Зміцер Санько / "Наша Ніва"

Сілавікі ў Беларусі працягваюць "справу кнігароў".

Учора стала вядома пра выхад з-за кратаў кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдахі і дырэктара выдавецтва "Тэхналогія" Вацлава Багдановіча. Аднак 25 сакавіка быў арыштаваны галоўны рэдактар выдавецтва "Тэхналогія" Зміцер Санько.

Яго ўжо затрымлівалі ў лютым, калі па незалежных выдавецтвах прайшла хваля ператрусаў і затрыманняў. Цяпер Санько затрымалі паўторна, і гэтым разам, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра крымінальную справу, піша "Наша Ніва".

Пасля разгрому выдавецтваў у Беларусі КДБ 3 сакавіка прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" сфабрыкаваную "кааліцыю друкаваных выдавецтваў "Фонд Kamunikat.org", Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing". Арыштоўвалі тых, каго залічылі да дзейнасці гэтай "кааліцыі".

Зміцер Санько — кандыдат біялагічных навук і мовазнавец. Ён быў адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Ад 1978 года працуе ў выдавецкай сферы. Спярша ён працаваў у акадэмічным выдавецтве "Навука і тэхніка" (сёння "Беларуская навука"). А з 1995 года ён быў галоўным рэдактарам выдавецтва "Тэхналогія", якое спыніла дзейнасць пасля лютаўскіх арыштаў.

31 сакавіка Змітру Санько споўніцца 76 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі