Пасля выбуху на аршанскім прадпрыемстве распачалі крымінальную справу

03/11/2023 - 09:31

Супрацоўнік СК на месцы здарэння / t.me/skgovby/

Пасля выбуху на Аршанскім мясакансервавым камбінаце распачалі крымінальную справу. Артыкул — "Парушэнне правілаў аховы працы", паведамляе Следчы камітэт.

Здарэнне ў кансервавым цэху прадпрыемства адбылося 1 лістапада. Там сарвала вечка вертыкальнага аўтаклава для стэрылізацыі прадукцыі. Адбыўся выкід пары, вады і кансерваў. Былі траўмаваныя і атрымалі апёкі 5 чалавек. Як піша СК, гэта 50-гадовы мужчына і чатыры жанчыны ва ўзросце ад 31 да 55 гадоў.

Спачатку іх усіх шпіталізавалі ў гарадскую бальніцу №1. Пасля двух жанчын, якія знаходзяцца ў цяжкім стане, перавезлі ў Мінск у Рэспубліканскі апёкавы цэнтр пры Бальніцы хуткай меддапамогі. У іх апёкі гарачай вадкасцю і парай вобласці твару, шыі, тулава, верхніх і ніжніх канечнасцяў. 44-гадовая жанчына мае аб'ём паражэння 70%, яна знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх. 55-гадовая пацыентка мае аб'ём паражэння 40%, яна знаходзіцца ў свядомасці. Яшчэ адну жанчыну, пацярпелую ў найменшай ступені, перавялі з Оршы ў апёкавае аддзяленне Віцебскай абласной бальніцы.

Следчыя правялі паўторны агляд месца здарэння, забралі механізмы кантролю ціску і тэмпературы аварыйнага скіду пары. У цяперашні час "для ўстанаўлення аб'ектыўнай карціны таго, што адбылося" дапытваюцца сведкі, вывучаецца тэхнічная дакументацыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі