Пасля міграцыйнага ўказа Трампа ЗША анулявалі больш за 100 тысяч візаў

03/02/2017 - 18:34

Выконваючы ўказ прэзідэнта Дональда Трампа па абмежаванні ўезду бежанцаў і грамадзян некалькіх мусульманскіх краін, ЗША анулявалі больш за сто тысяч візаў. Пра гэта піша meduza.io, спасылаючыся на The Washington Post.

Такія лічбы сталі вядомыя на судовым слуханні ў федэральным акруговым судзе Александрыі (штат Вірджынія). Там разглядаецца пазоў, які выставілі да Трампа грамадзяне Емена: 28 студзеня іх выслалі з ЗША адразу пасля прыбыцця.

Нагадаем, што 27 студеня Трамп падпісаў указ, які робіць больш жорсткімі правілы ўезду ў ЗША. Прэзідэнт Амерыкі часова забараніў прыязджаць у краіну жыхарам сямі мусульманскіх краін, у тым ліку Ірака і Ірана, а таксама замарозіў прыём бежанцаў.

Пасля гэтага ў ЗША ды іншых краінах пачаліся масавыя акцыі пратэсту. У суды ЗША сталі звяртацца затрыманыя ў аэрапортах або высланыя замежнікі. Некалькі судоў у розных штатах пастанавілі прыпыніць дзеянне ўказа. На Трампа былі пададзеныя некалькі пазоваў у суд, у тым ліку з боку пракуратуры штата Вашынгтон.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі