"Паштальён, які дастаўляе песні". 9 фактаў пра Боба Дылана

13/10/2016 - 15:29

Славуты амерыканскі музыка Боб Дылан сёння атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры "за стварэнне новай паэтычнай мовы ў межах вялікай амерыканскай песеннай традыцыі". Цікава, што летась сярод намінантаў таксама было яго імя, аднак тады перамогу атрымала беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч.

Цікавыя факты пра Боба Дылана:

1. Боб Дылан (Роберт Ален Цымерман) з'яўляецца на свет у штаце Мінесота ў 1941 годзе ў яўрэйскай сям'і. Яго продкі па мужчынскай лініі — выхадцы з Адэсы: бабуля і дзядуля Цымерманы пакінулі горад у 1905 годзе ў сувязі з яўрэйскімі пагромамі. Продкі па жаночай лініі — Эдэнштэйны, яўрэі з Літвы, эмігравалі ў ЗША ў 1902 годзе.

Маленькі Роберт Ален Цымерман з мамай Бэці ў цэнтры фота

2. Калі Дылан упершыню прыязджае ў Н'ю-Ёрк, яго папракаюць кепскім валоданнем гітарай, выкананнем каўбойскіх песень з вясковым акцэнтам і ігнараваннем канонаў фолк-музыкі. За гэта яго называюць "немузычным спеваком". Але мужныя, страсныя і суровыя песні Дылана, якія з'явіліся ў 60-х гадах падчас ўздыму руху за грамадзянскія правы і пратэстаў супраць в'етнамскай вайны, робяць сваю справу: Дылан становіцца зоркай.

3. Сапраўдная папулярнасць да Боба Дылана прыходзіць у 1962 годзе. Музыка выпускае альбом "The Freewheelin’ Bob Dylan", у якім заяўляе пра сябе, як пра сапраўднага паэта. Тут ёсць гімн "Blowin' in the Wind", песня пратэста "Masters of War", апісанне ядзернага кашмару "A Hard Rain's a-Gonna Fall", "Oxford Town" пра барацьбу цемнаскурых у штаце Місісіпі. Альбом становіцца рэвалюцыйным не толькі ў сацыяльным, але і ў музычным плане. Музыка мяняе прыроду папулярнай песні, ламае яе структуру і фармат. Цяпер песня можа быць бясконцай, туманнай і загадкавай.

4. З альбомамі "Bringing It All Back Home" (1965) у стылі фолк-рок і дзвюма рокавымі кружэлкамі — "Highway 61 Revisited" (1965) і "Blonde on Blonde" музыка пераходзіць у рок-музыку. Але такі крок адварочвае многіх прыхільнікаў Дылана, якім падабаўся яго пратэстны фолк. На адным з канцэртаў у Манчэстары натоўп крычыць музыку: "Іуда".

5. У 1966 годзе Дылан трапляе ў аварыю на матацыкле каля свайго дома пад Вудстокам. Ламае некалькі шыйных пазванкоў, атрымлівае сатрасенне мозга і рваныя раны твару, тыдзень знаходзіцца ў крытычным стане, потым месяц прыкаваны да ложку. Наступствамі аварыі становіцца амнезія і частковы параліч. На публіцы з'яўляецца толькі праз дзевяць месяцаў, і тое рэдка.

Дылан у 60-я. Фота: musicfeeds.com.au

6. У 1965 годзе Дылан бярэ шлюб з мадэлью Сарай Лаўндс у прысутнасці толькі двух сведак, а пасля доўга адмаўляе факт ўступлення ў шлюб. Мужа і жонку рэдка ўдаецца сфатаграфаваць разам. Аднойчы музыка хавае жонку ў сваім гардэробе за кулісамі канцэртнай залы ў Ванкуверы, пачуўшы набліжэнне вядучых канцэрта. У 1986 годзе Дылан жэніцца са сваёй бэк-вакалісткай Кэрал Дэніс. Пра гэты шлюб ніхто не ведае ажно да 2001 года, але пара ўжо дзевяць гадоў як знаходзіцца ў разводзе. 

З жонкай Сарай, якую музыка лічыў мадоннай і якая нарадзіла яму чатырох дзяцей. Дылан таксама ўдачарыў дачку Сары ад першага шлюбу. То бок, пара выхоўвала пяцёх дзяцей. У Дылана ёсць таксама дзіця ад Кэрал Дэніс.

7. Боб Дылан — мастак, які пачаў маляваць яшчэ ў дзяцінстве. Упершыню свае працы прадставіў некалькі гадоў таму. Іх выстаўлялі буйнейшыя музеі Капенгагена, Нью-Ёрка, Мілана і Лондана. Апроч таго, Дылан працуе з металам. Яго працы называюць "марамі Дылана з сталі і жалеза".

8. У 1978 годзе наноў адкрывае для сябе ісціны хрысціянства. Піша альбом з Маркам Нофлерам "Slow Train Coming", дзе пераважаюць песні рэлігійнай тэматыкі. У іх ён крытыкуе парнаграфію і прастытуцыю, але гэта падабаецца далёка не ўсім. У адказ на дыланаўскую "Gotta Serve Somebody" ("Трэба служыць некаму") Джон Ленан піша "Serve Yourself" ("Служы сабе самому").

Боб і Марк. Фота: www.flickr.com

9.Гастралюючы, Дылан ігнаруе дарагія раскошныя гатэлі, спыняючы свой выбар на бюджэтных варыянтах. Сярод капрызаў — ён прымушае па раніцах здымаць з ложка пасцельную бялізну. Дарэчы, заўсёды можна набыць ужываную Дыланам прасціну на Ebay.

Боб Дылан са сваімі дзецьмі. Фота: www.needsomefun.net

Боб Дылан — аўтар больш за 40 альбомаў, уладальнік дзевяці прэмій "Грэмі", зоркі ў Зале славы рок-н-ролу, Пулітцэраўскай прэміі за ўплыў на поп-музыку і амерыканскую культуру (атрымаў у 2008 годзе), прэмій "Залаты глобус" і "Оскар" за лепшы саўндтрэк да фільма "Вундэркінды" Кёрціса Хэнсана. Аўтар неўміручых хітоў "Blowin’ In The Wind", "Make You Feel My Love", "Knockin’ On Heaven’s Door" — песня дала назву знакамітай нямецкай кінастужцы Томаса Яна "Дагрукацца да нябёсаў". Дылана называюць "Робінам Гудам ХХ стагоддзя", "Шэкспірам свайго пакалення", ён жа пра сябе кажа так:

"Я паштальён, які дастаўляе песні".

Музыка не лічыць сябе паэтам, бо яму не падабаецца гэтае слова:

"Лічыце мяне гімнастам на трапецыі... Я ніколі не хацеў стаць прарокам альбо выратавальнікам. Магчыма, я хацеў стаць Элвісам. Я вельмі лёгка ўяўляю сябе на яго месцы. Але прарокам — не, ніколі".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі