Палітвязня Сцяпана Латыпава на два гады пераводзяць на турэмны рэжым

15/09/2022 - 18:45

Палітвязня Сцяпана Латыпава пераводзяць на два гады на турэмны рэжым, перадае праваабарончы цэнтр "Вясна".

Рашэнне ўзмацніць яму пакаранне прыняў 15 верасня суд Івацэвіцкага раёна. На пасяджэнні акрамя суддзі, пракуроркі і супрацоўніка папраўчай калоніі прысутнічаў прадстаўнік івацэвіцкага райвыканкама — у якасці назіральніка. Пры гэтым суд па кожным пытанні заслухоўваў ягонае меркаванне.

Латыпаў хадайнічаў, каб на працэсе ў якасці сведкаў выступілі начальнік прамысловай зоны і намеснік начальніка калоніі Свірыд, але суд у хадайніцтве адмовіў.

Паведамляецца, што адміністрацыя калоніі патрабавала перавесці Латыпава на турэмны рэжым на тры гады. Але суддзя Аляксандр Кірыловіч зменшыў гэты тэрмін. Неўзабаве палітвязня этапуюць у турму.

Сцяпан Латыпаў быў затрыманы на Плошчы Перамен у верасні 2020-га за тое, што патрабаваў у сілавікоў паказаць дакументы. Яго асудзілі на 8,5 года зняволення.

Нядаўна стала вядома, што ў ліпені на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі калоніі №22 Латыпаў глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ. За гэта яго пакаралі 17 суткамі ў штрафным ізалятары.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі