Падазраваны ў нападзенні на кірмаш у Берліне быў вядомы службам бяспекі

20/12/2016 - 08:41

Па інфармацыі Tagesspiegel, падазраваны ў нападзенні на Калядны кірмаш у Берліне быў вядомы службам бяспекі па нязначных парушэннях. Яму 23 гады, ён прыбыў у Германію ў лютым 2016-га па балканскім маршруце з Пакістану і ў дакументах пазначаў сваю нацыянальнасць па-рознаму: называўся то афганцам, то пакістанцам. Пры арышце ў яго не было ніякай зброі, пры затрыманні не супраціўляўся. 

У тры гадзіны раніцы 20 снежня нямецкая паліцыя штурмавала ангар, у якім жывуць бежанцы, у раёне Берлін-Тэмпэльхоф. Пра гэта пішуць нямецкія СМІ. Былі апытаныя чатыры афганцы. Аднак не вядома, ці звязаныя яны з меркаваным нападнікам, якога затрымалі недалёка ад месца трагедыі на Брайтшайдплац. Вынікі допыту паліцэйскія каментаваць адмаўляюцца. 

Ангар, у якім месцяцца мігранты і куды сёння "завітала" 200 паліцэйскіх. Фота: zeit.de

На месца трагедыі жыхары Берліна нясуць свечкі і кветкі. Міністр унутраных справаў прапанаваў аб'явіць аўторак днём агульнанацыянальнай жалобы. Па яго словах, здарэнне мае шмат прыкмет наўмыснага нападзення, яно мусіць быць прызнанае тэрактам. На чале расследавання стаіць генеральны пракурор.

Увечары 19 снежня ў цэнтры Берліна ля мемарыяльнай царквы кайзера Вільгельма грузавік з польскімі нумарамі ўрэзаўся ў Калядны кірмаш. Па апошніх дадзеных, загінула 12 чалавек, каля 50 атрымалі раненні, некаторыя — у цяжкім стане.


У кабіне фуры знайшлі цела кіроўцы-паляка, які праз Берлін вёз груз з Італіі дадому. Па дадзеных СМІ, нападнік скраў грузавік і забіў кіроўцу. Затым здзейсніў злачынства.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі