Пачалася псіхіятрычная экспертыза падазраванага ў забойстве ў ГЦ "Еўропа"

20/10/2016 - 10:28

Камітэт судовых экспертыз на падставе пастановы следчых органаў прыступіў да правядзення стацыянарнай комплекснай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы ў адносiнах да асобы, якая падазраецца ў здзяйсненні 8 кастрычніка ў ГЦ "Еўропа" ў Мінску шэрагу асабліва цяжкіх злачынстваў, паведамляе БелТА са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка камітэта Ягора Лівая.

"З мэтай комплекснай і непрадузятай ацэнкі дзеянняў падэкспертнага створана камісія з найбольш кваліфікаваных судовых псіхіятраў і псіхолагаў. На працягу 30 дзён спецыялісты будуць працаваць непасрэдна з самім падэкспертным", ― сказаў Ягор Лівай.

Падчас правядзення экспертызы спецыялісты вывучаць дакументы з матэрыялаў справы, характарыстыкі з месца вучобы і жыхарства, а таксама медыцынскія дакументы. У тым ліку звязаныя з магчымым аказаннем яму раней спецыялізаванай псіхіятрычнай дапамогі. Па выніках даследавання эксперты дадуць адказы на пытанні следства, у тым ліку аб наяўнасці свядомасці падазраванага ў момант здзяйснення ім грамадска-небяспечных дзеянняў.

 Вечарам 8 кастрычніка 17-гадовы хлопец напаў з бензапілой і сякерай на наведвальнікаў гандлёвага цэнтра "Еўропа". У выніку нападу адна жанчына памерла на месцы здарэння, яшчэ дзве атрымалі раненні. Зламысніка затрымалі сведкі на месцы злачынства.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі