Новыя цэны на навучанне: усё падаражэла

11/07/2019 - 14:41
pexels.com

Напярэдадні ўступнай кампаніі беларускія ВНУ апублікавалі кошт навучання на 2019/2020 навучальны год. Будучыя студэнты ўжо могуць азнаёміцца са свежым цэннікам на айчынную адукацыю. А тыя, у каго ўжо ёсць студэнцкія білеты, могуць трохі пасумаваць над новымі лічбамі. 

БНТУ

Галоўная тэхнічная ВНУ краіны размеркавала ўсе спецыяльнасці на дзве цэнавыя групы. Вучоба падаражэла на ад 308 да 328 рублёў. З поўным спісам спецыяльнасцяў і іх кошту можна азнаёміцца на сайце БНТУ. 

Частка спецыяльнасцяў энергетычнага, спартыўна-тэхнічнага, будаўнічага, аўтатрактарнага і іншых факультэтаў цяпер каштуе 3380 рублёў. А вось за спецыяльнасці на архітэктурным, прыборабудаўнічым, горнай справы і іншых факультэтах, прыйдзецца заплаціць 3605 рублёў.

БДЭУ

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, незалежна ад спецыяльнасці, першакурснікам прыйдзецца плаціць за навучанне 2564 рублі. Кошт навучання на ўсіх спецыяльнасцях павялічыўся на 101 рубель.

Акадэмія кіравання

У Акадэміі кіравання "цэннік" таксама на ўсіх адзін — 3200 рублёў. У параўнанні з 2018 годам вучоба ў "прэзідэнцкай" акадэміі падаражэла на 300 рублёў.

БДПУ

У педуніверсітэце першакурснікам даражэй за ўсё абыдзецца навучанне па спецыяльнасцях "Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія" і "Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура" — 2800 рублёў. Яны падаражэлі ў параўнанні з папярэднім годам на 300 рублёў.

"Выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка" і "Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы" каштуюць крыху менш — 2774 рублі, яны падаражэлі на 298 рублёў.

Спецыяльнасці з вывучэннем замежнай мовы будуць каштаваць 2666 рублёў за першы курс, усе іншыя — 2594 рублі.

МДЛУ

Год навучання для першакурснікаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта на факультэтах англійскай, нямецкай, кітайскай моў і культуры, раманскіх моў і перакладчыцкага факультэта, а таксама факультэта міжкультурных камунікацый будзе каштаваць 2790 рублёў. У мінулым годзе за іх давялося б аддаць 2490 рублёў.

БДУІР

Самыя дарагія спецыяльнасці ў "кузні IT-кадраў" — на факультэце камп'ютарных сістэм і сетак. Кошт навучання для першакурсніка за першы год складзе 3430 рублёў. У параўнанні з 2018 годам спецыяльнасць падаражэла на 220 рублёў.

На факультэтах камп'ютарнага праектавання, радыётэхнікі і электронікі і інфакамунікацый навучанне падаражэла на 285 рублёў, у параўнанні з 2018 годам, і цяпер складае 3040 рублёў.

Навучанне на факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання і інжынерна-эканамічным факультэце цяпер каштуе 3390 рублёў. Бацькам давядзецца заплаціць на 320 рублёў больш у параўнанні з папярэднім годам.

БДМУ

У прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Еўрарадыё расказалі, што пакуль не могуць назваць актуальныя цэны на навучанне, паколькі з Міністэрства адукацыі яны яшчэ не прыйшлі. У 2018 годзе вучоба тут каштавала ад 2550 рублёў за першы курс на спецыяльнасці "Медыка-прафілактычная справа" да 3250 рублёў на "Стаматалогіі". 

Таксама пакуль невядомы новыя кошты ў БДУ.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі