"Ніколі не кажы ніколі". Ці зменіцца Лукашэнка, каб адарвацца ад Пуціна?

02/06/2022 - 17:03
Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА

"Ніколі не кажы ніколі", — так пракаментаваў Еўрарадыё палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман магчымасць таго, што Лукашэнка зменіцца, каб адарвацца ад Расіі.

"І я б не быў такім, як многія каментатары, якія кажуць, што ўсё — Лукашэнка пахаваны для Захаду. Мы бачым, што нейкія фарматы яго рэабілітацыі, прынамсі палітычнай, яны абмяркоўваюцца. Але не маральнай. Гэта значыць, зразумела, што на яго ўсе паставілі крыж, як на, умоўна кажучы, нетаксічнага суразмоўніка. У гэтым сэнсе яму, мне здаецца, сваю рэпутацыю не вярнуць.

Але, напрыклад, сітуацыя са збожжам, якую абмяркоўваюць. Давайце размарозім пастаўкі і калію, і збожжа праз Беларусь, каб выратаваць афрыканскіх дзяцей, якія галадаюць, і заадно пастаўкі калію вырашаць праблему з угнаеннямі ў свеце. Але пакуль быццам бы гэта не рэалізавана і наўрад ці будзе рэалізавана. Але раз такія рэчы падымаюцца на парадак дня і сур'ёзна дэбатуюцца на ўзроўні генсакратара ААН, ЗША, гэта значыць, што крыж на Лукашэнку не паставілі".

У той жа час, па словах Шрайбмана, цяпер Захад не ў сілах пасварыць Лукашэнку і Пуціна.

"У сілах Захаду дапамагчы Украіне перамагчы, што, у сваю чаргу, аслабіць Расію, што, у сваю чаргу, аслабіць жаданне Лукашэнкі з ёй асацыявацца. Вось стратэгія або тактыка, па якой можна ўбіць клін, а спрабаваць убіць клін праз змякчэнне пазіцыі ў дачыненні да Лукашэнкі... Ад гэтага "Іскандэры" не выйдуць з тэрыторыі Беларусі. Ад гэтага Лукашэнка не стане больш аўтаномным і суб'ектным".

Палітычны аглядальнік задаецца пытаннем "А што рабіць з палітвязнямі?".

"Калі вы яму скажаце: мы закрываем вочы на палітвязняў. І вось здымаем санкцыі. Ён толькі скажа дзякуй. З чаго ён павінен будзе мяняцца? З чаго ён павінен будзе, калі ён атрымаў тое, чаго ён хацеў, нават часткова. Ён пераканаецца, што ён мае рацыю, што "я вас прыціснуў, пераседзеў, а вы здаліся". Ён пераканаецца, што ён мае рацыю, а не тое, што ён не мае рацыі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі