Каб упарадкаваць працоўную міграцыю з Узбекістана, падрыхтавалі адмысловы законапраект

30/10/2026 - 18:09

Праца, ілюстрацыйнае фота / pravo.by

Міністэрства працы хоча ўпарадкаваць працоўную міграцыю з Узбекістана. Для гэтага ў ведамстве падрыхтавалі спецыяльны законапраект.

Як заявіў кіраўнік Мінпрацы Андрэй Лабовіч, пагадненне прадугледжвае новы механізм прыцягнення работнікаў: будзе весціся арганізаваны набор пад канкрэтныя патрэбы наймальнікаў. 30 кастрычніка гэты закон у першым чытанні зацвердзіла Палата прадстаўнікоў.

Згодна з ім прадугледжваюцца два этапы адбору працоўных мігрантаў з Узбекістана. Першы з іх адбываецца на тэрыторыі гэтай краіны. Там па заяўцы беларускіх наймальнікаў набіраюць кандыдатаў з патрэбнай кваліфікацыяй і досведам. Гэтым займаецца профільнае Агенцтва па міграцыі.

"Да выезду іх азнаёмяць з правіламі знаходжання ў Беларусі, умовамі працы, праектам працоўнай дамовы, арганізуюць абавязковы медагляд і праверку адсутнасці абмежаванняў як на выезд з Узбекістана, так і на ўезд у Беларусь", — расказалі падрабязнасці ў Мінпрацы.

На другім этапе адбываецца легалізацыя і працаўладкаванне ў Беларусі. Наймальнік павінен забяспечыць сустрэчу, трансфер, першасны міграцыйны ўлік.

"Далей — афіцыйная працэдура афармлення: наймальнік атрымлівае спецыяльны дазвол у органах МУС, арганізуе здачу экзамену на веданне рускай або беларускай мовы (пры неабходнасці). Затым бакі заключаюць працоўную дамову — і супрацоўнік афіцыйна выходзіць на працу".

Калі мігрант парушыць правілы ці не будзе адпавядаць кваліфікацыйным патрабаванням наймальніка, яго вернуць на радзіму "за кошт накіроўваючай арганізацыі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі