Сяргей Чалы: Не важна, колькі прагаласуе за Улаховіча ці Караткевіч — важна, колькі супраць Лукашэнкі

15/09/2015 - 15:48

Еўрарадыё: У кагосьці з кандыдатаў у прэзідэнты слова “мір” закладзенае ў слоган кампаніі, гучыць яно ва ўсіх. Сёння гэта тое, з чым трэба ісці да выбаршчыкаў?

 

Сяргей Чалы: Гэта не самы ўдалы і лозунг і пасыл да выбаршчыкаў. Бо гэта спроба гуляць на чужым полі. Відавочна, што ўся кампанія Лукашэнкі будзе пабудаваная на спробе прадаць спакой на фоне пагаршэння эканамічнай сітуацыі: “Абы не было вайны”. Апошняя сустрэча Лукашэнкі з кіраўніком Нацбанка праходзіла пад словы: “Жывымі б застацца”, “У нас такія прызямлённыя задачы”… І ўся кампанія пабудаваная на тым, што не здарылася: “магло здарыцца, як на Майдане”, “магла вайна б быць, як на Данбасе”. І таму ісці са словамі пра “мір” — стратэгічная памылка, бо такім чынам кандыдаты заганяюць сябе на тое поле, дзе іх і хацеў бы бачыць іх галоўны канкурэнт.

 

Еўрарадыё: З якім жа мэсаджам трэба ісці на выбары? Ну, калі сапраўды ставіць за мэту перамогу?

 

Сяргей Чалы: Выбары ж гэта не конкурс прыгажосці і не справаздачна-выбарчая канферэнцыя. Былыя заслугі, па вялікім рахунку, мала каго цікавяць — людзі галасуюць за бліжэйшае, як мінімум, пяцігадовае будучае. Галоўнае тут, які вобраз будучага і які план па яго дасягненні ў каго ёсць. І ў гэтым сэнсе Лукашэнка выглядае вельмі слаба. Мы бачым, што ўся яго кампанія пабудаваная на заслугах мінулых гадоў. Прычым, нават не апошняй пяцігодкі, бо там пахваліцца ўвогуле няма чым. Відавочна, што эканамічнае становішча людзей за гэтыя 5 гадоў стала нават горш, чым было да 2010 года, і ні адзін з запланаваных паказчыкаў не выкананы — ні рост ВУП на 60%, ні тысяча долараў заробку, ні, тым больш, набліжэнне да еўрапейскіх стандартаў. А самае страшнае — няма ніякай праграмы з прапановамі, што магло б гэтую сітуацыю змяніць. Адно: “Крызіс рана ці позна скончыцца — нам трэба яго перачакаць”. А перачакаць азначае, што самі мы рабіць нічога не будзем, будзем чакаць, калі паляпшэнне наступіць у той жа Расіі і яна зноў пачне купляць нашы трактары. Пры тым, што эканамічная альтэрнатыва даўно вядомая і распрацаваная на ўзроўні беларускіх і замежных экспертаў сумесна з МВФ. Там ёсць і пра тое, што рабіць буйным прадпрыемствам, якая павінна быць пенсійная рэформа, што рабіць з бюджэтна-падаткавай сферай, якія структурныя рэформы патрэбныя. І гэта менавіта тое поле, на якім сёння Лукашэнка адчувае сябе максімальна дрэнна.

 

Дарэчы, мне падаецца, што Цярэшчанку вывелі з выбарчага марафону не ў апошнюю чаргу з-за таго, што ён ішоў як: “Цярэшчанка, эканаміст”. Зразумела – ніхто не будзе разбірацца, якой якасці ён эканаміст, але ён мог на мове, у якой Лукашэнка “плавае”, пра ўсе гэтыя праблемы і планы па іх вырашэнні сказаць людзям.

 

Еўрарадыё: Эканамічныя лозунгі дастаткова складана прадаць — выбаршчык любіць вушамі, а ў эканоміцы складана з папулізмам…

 

Сяргей Чалы: Тут патрэбны такі папулізм: уменне данесці складаны мэсадж простай мовай. Так, каб цябе слухалі. Але за гэтым яркімі і кароткімі фразамі павінен быць цэльны вобраз саліднай праграмы. Па вялікім рахунку, у 1994 годзе Лукашэнка менавіта так і перамог. Тады шмат намаганняў было зроблена яго камандай, каб шматлікія інтэрв’ю і выступы Лукашэнкі працавалі на тое, што калі ўжо чалавек знаходзіцца перад скрыняй для галасавання, ён меў дакладны вобраз: пра што кажа гэты кандыдат і чаму я хачу ці не хачу за яго галасаваць.

 

Еўрарадыё: Цяпер шмат кажуць пра мізэрныя шансы іншых кандыдатаў супраць Лукашэнкі. Але калі прыгадаць той жа 1994 год, то якія шансы былі ў Лукашэнкі супраць Кебіча — яго рэйтынг быў 3% за чатыры месяцы да выбараў?

 

Сяргей Чалы: Але як толькі пачаліся перадвыбарчыя публічныя выступы ў СМІ, то ён быў ў лідарах ад пачатку і да канца кампаніі. Сапраўды, да выбараў яго шансы выглядалі нулявымі, бо ў Лукашэнкі не было свайго “ядзернага” электарату. Супраць яго нават адмыслова стварылі “аграрнага” кандыдата Дубко і “камуністычнага” Новікава. Але Лукашэнка змог “ад’есці” добры кавалак электарату і гэтых кандыдатаў, і таго пратэстнага электарату, які БНФ лічыў сваім. Цяпер сітуацыя ў нечым падобная. І я не згодны з тымі, хто ўпэўнены, што на гэтых выбарах сапраўдныя вынікі альтэрнатыўных кандыдатаў будуць блізкія да статыстычнай памылкі. Мы ж не ведаем на самой справе ўзровень падсвядомай незадаволенасці людзей. Калі ад маўчання беларусы пераходзяць да настрою “панскі маёнтак падпалю — хай ведае!”. Людзі могуць проста паказаць сваю незадаволенасць эканамічным станам, паказаўшы “дулю ў кішэні” і прагаласаваўшы проста супраць Лукашэнкі.

Еўрарадыё: Толькі як праверыць, што “дулю ў кішэні” паказалі, да прыкладу, 60% выбаршчыкаў, а не якіх 3-4%?

 

Сяргей Чалы: За выключэннем асобных участкаў такой магчымасці і няма. І гэта галоўная праблема. Але тут важны момант ва ўяўленні не толькі выбаршчыкаў і назіральнікаў, але і тых, хто будзе галасы лічыць, як на самой справе абставіны складаюцца. Нават непахісныя прыхільнікі Лукашэнкі павінны разумець, што ва ўмовах цалкам правальнай пяцігодкі і трох эканамічных крызісаў цягам 5 гадоў, перамога з 83% — лічба, у якую не паверыць ніхто. А намаляваць лічбу, у якую людзі павераць, і якая задаволіць “пераможцу”, будзе вельмі складана. Асабліва з улікам таго, што ўсе папярэднія выбары былі не для выбаршчыкаў, а для тых, хто тыя выбары арганізоўваў — для мясцовых уладаў, выбарчых камісій. Гэта было сацыялістычнае спаборніцтва па выказванні лаяльнасці да дзеючай улады. Цяпер, мяркую, перад імі стаіць супрацьлеглая задача. Задача атрымання “прыгожага еўрапейскага выніку”. У такі вынік могуць паверыць. Але ж зразумела, што выбары з вынікам у Лукашэнкі 70%, а ў другога кандыдата — двухзначная лічба, гэта зусім іншыя выбары, чым калі ў яго 85%, а ва ўсіх астатніх па 1 ці 2%. Нават калі двухзначная лічба альтэрнатыўнага кандыдата будзе моцна заніжаная, гэта будзе сведчанне, што і грамадства, і краіна моцна змяніліся.

 

Еўрарадыё: Але што гэта дае ў перспектыве?

 

Сяргей Чалы: Гэта пакажа Лукашэнку, які з моманту крызісу 2011 года знаходзіцца ў разгубленасці, што настроі ў людзей змяніліся, што ніхто далей ў гэтай багне заставацца намеру не мае.

 

Еўрарадыё: І Лукашэнка скажа: “Я стаміўся, я сыходжу”?

 

Сяргей Чалы: Не скажа. Але што цяпер маем: усё упіраецца ў пытанне палітычнай волі — каб дазволіць абазнаным людзям пачаць рабіць рэформы, якія наспелі з 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Але адказнасць за рэформы яму браць не хочацца. І таму выбары для яго важныя: той альтэрнатыўны кандыдат і яго палітычная сіла, які атрымае двухзначны вынік пасля будучых парламенцкіх выбараў проста абавязаны атрымаць магчымасць быць візуальна прадстаўленым у парламенце. А гэта дае магчымасць адказнасць за рэформы падзяліць з імі. Калі нешта пойдзе не так, можна будзе пальцам на іх паказваць: “А вось яны, гэтыя рэфарматары!”.

 

Еўрарадыё: Вярнуся да назірання за выбарамі: цяпер назіральнікі кажуць, што будуць сачыць за яўкай, маўляў, яна будзе невысокая і ўлады зоймуцца “накруткай” менавіта яўкі…

 

Сяргей Чалы: Думаю, акурат гэтым яны займацца і не будуць. Бо тыя, каго на выбары трэба зацягваць, не прагаласуюць так, як уладзе трэба. У адрозненне ад тых, хто ходзіць на выбары таму, што лічыць гэта сваім святым абавязкам. Такіх, асабліва ў сельскай мясцовасці, па розных ацэнках ад 30 да 50% ад усіх выбаршчыкаў. І гэта ўвесь яго сённяшні “ядзерны электарат”. Тут наадварот — дэматывацыйная кампанія з яго боку была б лагічнай. Што супярэчыць жаданням Ярмошынай, у якой мэта — каб выбары прайшлі актыўна.

 

Еўрарадыё: Ці азначае такі склад удзельнікаў, які мы сёння маем, аўтаматычнае прызнанне вынікаў выбараў Захадам?

 

Сяргей Чалы: Выбары не будуць прызнаныя. Бо выбары не абмяжоўваюцца працэсамі галасавання і агітацыі: гэта і роўны доступ да СМІ, якога няма, і ўмовы функцыянавання палітычных партый, і гэтак далей. Таму будзе адзначаны пэўны прагрэс у выбарчым працэсе, што выбары ўжо больш адпавядаюць нейкім там стандартам. І гэта ў прынцыпе можа задаволіць Захад. Цяпер шмат кажуць пра легітымізацыю Лукашэнкі ці рэжыму шляхам удзелу ў выбарах. Сёння сам гэты канцэпт легітымнасці больш не працуе. Пра яго можна было казаць у 90-х гадах мінулага стагоддзя, калі былі і рукамі прызначаны парламент, і разагнаны, але сапраўды абраны Вярхоўны савет. Больш за тое, сплачваючы падаткі вы ўжо тым самым прызнаеце гэтую ўладу. Так што, не трэба хлусіць самім сабе, а тым больш заварочваць гэта ў абгортку нейкай маральнасці. Сёння не важна, колькі прагаласуе за Гайдукевіча, Улаховіча ці Караткевіч — важна, колькі прагаласуе супраць Лукашэнкі.

Еўрарадыё: Але гэтая стратэгія не адмяняе патрэбы ў разуменні, што з сябе на самой справе ўяўляюць гэтыя тры альтэрнатыўныя кандыдаты…

 

Сяргей Чалы: Наяўнасць Гайдукевіча тлумачыцца проста — гэта прафесійны ўдзельнік выбарчых кампаній. Яго задача, каб Лукашэнка адзін не застаўся. Што да Улаховіча, то, па маёй версіі, ён выконвае ролю “палявой сацыялогіі” — закліканы замераць узровень у беларускім грамадстве настрояў, якія прывялі да “Крымнаш” і “Палесціны” ў двух абласцях на ўсходзе Украіны. Яго запусцілі, каб ацаніць велічыню той “шостай калоны”, якая падтрымлівае ідэю “рускага міра” і якая сёння, і гэта ўсе выдатна разумеюць, уяўляе большую небяспеку для незалежнасці Беларусі, чым нейкі міфічны Захад і пячэнькі Дзярждэпа.

 

Чаму ў гэты спіс не трапіў Цярэшчанка, мы ўжо абмеркавалі. А вось, чаму туды трапіла Караткевіч… Відаць, было вырашана, што яна, як жанчына, якая найменш ад прыроды схільная да нейкай Плошчы, найбольш бяскрыўдная на фоне астатніх. Але менавіта гэта для Лукашэнкі найбольш і небяспечна. Бо так атрымалася, што яна засталася адзіным сапраўды альтэрнатыўным кандыдатам, і з-за гэтага факта можа сабраць найбольш галасоў. За яе прагаласуюць як за Лукашэнку на першых выбарах: “абы не за гэнага вунь!”.

 

Еўрарадыё: Не пойдуць людзі на выбары — іх жа да гэтага актыўна заклікаюць іншыя лідары дэмсіл?

 

Сяргей Чалы: Я прытрымліваюся такой думкі: калі ты палітык, то ўдзельнічаць у выбарах трэба паўсюль і заўжды. Разумеючы, што гуляеш з шулерам, і рабіць адпаведную “папраўку на вецер”. Але ж відавочна: калі твая мэта — перамога на выбарах, то не ўдзельнічаючы ў іх, ты ніколі не пераможаш. Тым больш, з гісторыі мы ведаем шмат прыкладаў так званых “перакульваючых выбараў”, калі і падумаць ніхто не мог, што на іх можа нешта змяніцца. Ілюзія тое, што мы нібыта ведаем, якое на самой справе грамадскае меркаванне. Той маўклівы пратэст, які нечакана можа стаць зусім не маўклівым, цяпер яго ступень вельмі вялікая. Гэта бачна нават па тым, як шмат беларусаў падчас вулічных апытаннеў дзяржканаламі адказвае на пытанне пра будучае галасаванне: яны кажуць, што пакуль не вызначыліся, за каго будуць галасаваць. А гэта акурат і азначае тое “не” аднаму з кандыдатаў, пра якое мы казалі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі