Не "і", а "ці". Дэпутаты прынялі рашэнне пра беларускую мову на этыкетках

26/06/2017 - 11:37

На апошнім пасяджэнні веснавой сесіі Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні папраўкі ў закон "Аб абароне правоў спажыўцоў". Большасць паправак носіць тэхнічны характар і замацоўвае практыку, якая склалася ў гандлі за апошнія гады. Напрыклад, наяўны і безнаяўны кошт тавара не мусяць адрознівацца. Мы да гэтага ўжо даўно прызвычаіліся, а цяпер гэта будзе запісана ў законе.

Але ёсць і новае. Тэрмін бясплатнага рамонту тавару па гарантыі пасля ўнясення паправак у закон можа быць працягнуты да 30 дзён (але толькі па згодзе з пакупніком). А пры вяртанні тавару ў краму ў чалавека не могуць запатрабаваць пашпарт — цяпер афіцыйна дастаткова толькі касавага чэка. Дарэчы, само азначэнне дакумента, які засведчвае пакупку, змененае з улікам таго, што сёння людзі шмат чаго набываюць праз інтэрнэт.

На думку дэпутаткі Наталіі Жыбуль, якая прадстаўляла праект закона, прынцып "ці": ці на рускай мове, ці на беларускай — больш адпавядае і інтарэсам вытворцаў, і абароне спажыўцоў:

"У законапраекце cказана, што [інфармацыя] наносіцца ці на беларускай, ці на рускай мове. Гэта не датычыцца мэблі, касметычнай прадукцыі. Мы праводзілі пасяджэнне круглага стала, на які былі запрошаныя прадстаўнікі бізнэсу. Яны казалі, што гэта [абавязковыя беларуская і руская мовы на ўпакоўцы. — Еўрарадыё] выкліча пэўнае падаражэнне тавару. Я лічу, што тут мы павінны абараніць спажыўца, які зацікаўлены, у першую чаргу, у больш нізкім кошце.

Была, вядома, прапанова напісаць "рускі і беларускі". Але ж мы гаворым не толькі пра гандаль, але і пра сферу паслуг. Уявіце сабе, напрыклад, нестыкўку: вы прыходзіце ў гатэль, і вам павінны сказаць "Добры вечар!", а потым паўтарыць тое ж самае на іншай мове. Мне здаецца, для спажыўца больш важна, каб інфармацыя пра тавар ці паслугу была больш дакладнай, прыносіла яму бяспеку, абароненасць. Тэрміны прыдатнасці, шрыфты. Дарэчы, у праекце закону ўтрымліваецца норма, паводле якой цана пры продажы праз інтэрнэт павінна быць напісаная шрыфтам, што не больш, як у два разы, адрозніваецца па памеры ад самага вялікага шрыфта ў рэкламе тавару".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі