NATO можа пачаць аперацыю ў Міжземным моры супраць нелегалаў

11/02/2016 - 14:12

Італьянская берагавая ахова выратавала больш за 90 мігрантаў ва ўсходняй частцы Эгейскага мора. Сярод іх былі і двое грамадзянаў Турцыі, якія, як мяркуецца, і арганізавалі бізнес па перапраўцы людзей. З пачатку гэтага года толькі ў Грэцыю ўжо прыбылі больш за 60 тысяч бежанцаў. Большая іх частка высадзілася на востраве Лесбас.

Грэцыя, Турцыя і Германія прапанавалі прыцягнуць да ўрэгулявання сітуацыі з уцекачамі ў Міжземнамор’і NATO. Тэлеканал Euronews прыводзіць словы генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга на сустрэчы міністраў абароны краін альянсу, што адбылася 10 лютага ў Бруселі:

“Наша бяспека падвяргаецца самым цяжкім выпрабаванням і пагрозам у гэтым пакаленні. Гэта нестабільнасць, якая захоўваецца ва Украіне, распаўсюджанне тэрарызму, найбуйнейшы крызіс з бежанцамі і мігрантамі ў Еўропе пасля заканчэння Другой сусветнай вайны”.

Мяркуецца, што NATO будзе ўдзельнічаць у зборы інфармацыі аб колькасці і кірунку мігранцкай плыні. Таксама караблі альянсу змогуць спыняць чаўны з бежанцамі, падбіраць іх і затым вяртаць на турэцкі бераг, паведамляе агенцтва dpa.

Акрамя гэтага чакаецца, што NATO прапануе дзейсны план барацьбы з крымінальнымі групоўкамі кантрабандыстаў. Кіраваць аперацыяй мусіць Германія, чый ваенны карабель “Бон” ужо знаходзіцца ў рэгіёне. Яшчэ адно судна для ўдзелу ў меркаванай аперацыі пагадзілася даць Данія.

Вайсковы карабель "Бон". Фота: haligonia.ca

А вось нямецкі міністр Урсула фон дэр Ляен лічыць, што прымяніць баявыя караблі для знішчэння чаўноў, якімі карыстаюцца нелегалы, не давядзецца, цытуе словы міністра Euronews:

“Гэта добра, што Турцыя папрасіла NATO ўзмацніць назіранне за сітуацыяй у Эгейскім моры. Гэта дасць магчымасць абцяжарыць ці зрабіць немагчымай небяспечную дзейнасць кантрабандыстаў, якія перапраўляюць нелегальных мігрантаў”.

Тым часам плынь мігрантаў з Блізкага Усходу не змяншаецца. Пасля інтэнсіўных баявых дзеянняў у сірыйскай правінцыі Алепа каля 50 тысяч чалавек вымушаныя былі пакінуць свае дамы, паведамілі ў Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі