"Наша ніва" атрымала вялікі штраф за надрукаваныя на прынтары старонкі

13/04/2021 - 14:59

"Наша ніва" атрымала вялікі штраф за надрукаваныя на прынтары старонкі. Прадпрыемства "Суродзічы", якое з'яўляецца заснавальнікам, прызнана вінаватым у "незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці". Справу разглядаў Эканамічны суд Мінска, суддзя — Эрнэст Койра.

Як піша nn.by, два разы на год рэдакцыя друкуе 20 папяровых асобнікаў газеты (кожны з іх — аркуш А3, надрукаваны з двух бакоў), каб адправіць іх у Міністэрства інфармацыі і іншыя ведамствы — гэта патрабаванне закона ("Наша ніва" даўно не выходзіць на паперы). Рэдакцыя гэтыя асобнікі нідзе не прадае. Тым не менш, падатковая інспекцыя Ленінскага раёна пабачыла парушэнне ў згаданых папяровых асобніках, бо іх нельга надрукаваць без... ліцэнзіі.

Праўда, у судзе ўзнікла праблема — для пакарання за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць трэба, каб кошт "прадмету адміністратыўнага правапарушэння" перавысіў 1160 рублёў (гэта 40 базавых). А пралічаны сабекошт падрыхтоўкі згаданых старонак з усімі выдаткамі — 28 рублёў і 68 капеек. Тады падаткавікі прапанавалі прызнаць прадметам правапарушэння не толькі аркушы паперы, а і... тэхніку, з дапамогай якой іх раздрукавалі.

Нягледзячы на абсурднасць сітуацыі, на тое, што падатковая не выявіла даходу, які б атрымлівала прадпрыемства за тыя 20 асобнікаў, суд аштрафаваў прадпрыемства на 8700 рублёў (300 базавых).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі