На скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова пад аўтатранспарт трапіў інспектар ДАІ. Паводле інфармацыі БЕЛТА, ён спрабаваў "уручную" спыніць матацыкліста і схапіўся за яго. Аднак кіроўца працягваў рухацца і пацягнуў за сабой даішніка. У выніку інспектар апынуўся на скрыжаванні, дзе трапіў пад аўтамабіль. Паведамляецца таксама, што пад аўтамабіль трапіў і матацыкліст.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў пакуль не пацвярджаюць, што ў аварыі ўдзельнічаў аўтамабіль. Паводле іх інфармацыі, якую перадае onliner.by, наезд быў учынены матацыклістам.
Ёсць звесткі, што пацярпелы інспектар знаходзіцца ў цяжкім стане, ён страціў шмат крыві. Яго шпіталізавалі і будуць апераваць.