На праспекце Пераможцаў у Мінску каля стэлы здарылася ДТЗ — аўтамабіль "Жыгулі" ўрэзаўся ў пасажырскі аўтобус МАЗ. Пра гэта паведамляюць карыстальнікі Твітара.
Па гэтым маршруце праз пэўны час павінен праехаць картэж прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Пуцін і прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў сёння, 25 лютага, правядуць у Мінску пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Яно пройдзе ў палацы Незалежнасці. Відэа картэжа на пад'ездзе да Мінска ўжо знялі карыстальнікі сацсетак.
Правесці ў Мінску саюзны саміт прапанаваў Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў сярэдзіне студзеня. Гэтую ініцыятыву падтрымалі ў Маскве. На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета павінныя зацвердзіць саюзны бюджэт на 2016 год, абмеркаваць вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Плануецца прыняць праграму ўзаемадзеяння на два гады. Такім чынам хочуць "ажывіць працу ў саюзнай дзяржаве".
Папярэдняе пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета адбылося 3 сакавіка 2015 года ў Маскве.