Мядзведзеў назваў словы Лукашэнкі пра чужыя войны "вельмі дзіўнымі"

04/11/2019 - 11:49

Дзмітрый Мядзведзеў назваў словы Аляксандра Лукашэнкі пра чужыя войны "вельмі дзіўнымі". Расійскі прэм'ер-міністр падчас знаходжання ў Бангкоку адрэагаваў на выказванне беларускага кіраўніка, якое прагучала ў інтэрв'ю тэлевізійнаму інфармагенцтву "Хабар" з Казахстана.

Лукашэнка гаварыў пра тое, што цяпер беларусы самі вырашаюць свой лёс, а раней даводзілася жыць пад бізуном чужынцаў. "Хтосьці намі панукваў, хтосьці спрабаваў на калені паставіць, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Асабліва ў Беларусі. Усе гэтыя войны — не нашы войны". Ён згадаў вайну 1812 года, Першую сусветную, Рыжскую дамову, Другую сусветную вайну.

"Цалкам Беларусь сцерлі з твару зямлі, — працягваў Аляксандр Лукашэнка. Гэта не нашы былі войны... Мы ў апошняй вайне траціну нашага насельніцтва страцілі. У асноўным грамадзянскага насельніцтва. У чым былі вінаватыя дзеці, старыя?".

Дзмітрыя Мядзведзева папрасіла пракаментаваць словы Лукашэнкі пра "ўцягванне беларусаў у Айчынныя войны" журналістка радыёстанцыі "Маяк".

"Мы ні ў якім разе не павінны кідаць хоць нейкі цень на подзвіг нашых продкаў, якія абаранялі сваю зямлю, — жылі на тэрыторыі сучаснай Расеі або Беларусі..., — гаварыў расійскі прэм'ер. — Так было ў 1812 годзе, так было ў перыяд Першай сусветнай вайны, якую б адзнаку ні давалі ёй гісторыкі, так, натуральна, было ў перыяд 2-й сусветнай або Вялікай Айчыннай вайны".

Мядзведзеў падкрэсліў, што "гэта не ўдзел у чужых войнах". Таму для яго "вельмі дзіўна чуць такія словы" Аляксандра Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі