"Мы героі, а не цярпілы": гінеколаг з Мінска адказала Качанавай

21/06/2020 - 08:33
Марына Ісакава / "Інстаграм"

Гінеколаг з Мінска Марына Ісакава напісала пост да Дня медыцынскага работніка, у якім адкаментавала нядаўнія словы кіраўніцы Савета рэспублікі Наталлі Качанавай:

"Калі вы ішлі ў медыцыну, вы ведалі пра свае зарплаты", — сказала днямі адна высокапастаўленая жанчына. Павіншавала дык павіншавала. Нічога не скажаш", — напісала Марына.

Паступаючы ва ўніверсітэт, расказвае доктарка, яна і яе калегі марылі ратаваць жыцці — а ў 17 гадоў "дзяўчынка не думае пра заробак, яна думае пра жыццё з уласцівым юнацкім максімалізмам". Прафесія лекара была прэстыжнай, і студэнтаў-медыкаў называлі будучыняй краіны:

"Са мной вучыліся мэтанакіраваныя, амбіцыйныя, разумныя людзі. І мне кожны раз шкада, калі яны сыходзяць! Таму што яны маглі б нам дапамагчы. Я думаю, чаму так. І адказ відавочны. Акрамя нізкага заробку медыкам пастаянна тыкаюць фразай "ты ведаў, куды ішоў", пішуць скаргі (часта неабгрунтаваныя), здымаюць прэміі. Абыходзяцца як з абслугай, часам нават горш. Часам старэйшыя лекары самі кажуць гэтую фразу, а потым плачуць цішком у ардынатарскай... Хіба выратаваць чалавека, дапамагчы зацяжараць, дапамагчы нарадзіць, зрабіць крутую аперацыю гэта не подзвіг?"

Марына тлумачыць, чым медыкі адрозніваюцца ад спартсменаў з высокімі заробкамі: "у мільярды разоў вышэйшай" адказнасцю, і менавіта медыкі цяпер трымаюць удар перад COVID-19.

"Мы не народзец, Мы — Народ. Дзякуй @viktar_babaryka за гэтыя словы! Мы вартыя павагі! А нашы медыкі Героі, а не цярпілы", — рэзюмуе дзяўчына. Яна прапануе калегам дзяліцца тым, што накіпела, пад хэштэгам #мызналикудашли. І дзякуе ўсім, хто дапамагае лякарням і лекарам падчас пандэміі каранавіруса.

Аб заробках медыкаў Наталля Качанава разважала 19 чэрвеня ў Пінску падчас наведвання пікету прэтэндэнткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. На скаргі пінчукоў аб нізкіх заробках кіраўніца Савета рэспублікі сказала, што сама з простай сям'і, а яе брат, які прыехаў з Украіны, лічыць што перад Лукашэнкам беларусы наогул павінны станавіцца на калені.

— Калі мне трэба карміць сям'ю, то я пайду працаваць дворнікам, — заявіла чыноўніца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі