МУС абвяргае, што АМАП збіў шматдзетнага бацьку ў Гродне

26/08/2019 - 08:35

26 жніўня ў МУС Беларусі пракаментавалі сітуацыю з шматдзетным бацькам з Гродна 36-гадовым Дзянісам Лук'янавым. Як паведамляла Еўрарадыё са слоў стрыечнай сястры Дзяніса Дар'і, ён апынуўся ў бальніцы пасля канфлікту з міліцыяй на аўтамабільным фестывалі SunDay. Сцвярджалася, што яго збілі. Але шпіталізавалі мужчыну толькі праз амаль два тыдні — у яго пачаўся некроз цягліц на назе. Лекары правялі некалькі аперацый, ампутавалі частку нагі. Барацьба з інфекцыяй працягваецца.

МУС сцвярджае, што насамрэч міліцыянеры не маюць дачынення да стану здароўя Дзяніса Лук'янава. Інфармацыю, якая з'явілася ў СМІ, называе "недакладнай". Па версіі міліцыі, на фэсце Лук'янаў быў у стане алкагольнага ап'янення (2 праміле) і "парушаў грамадскі парадак". Спачатку дзяжурны нарад міліцыі (а не АМАПаўцы, якіх у той час яшчэ не было) яго даставіў у палатку "для разбіральніцтва", а пасля — у Гродзенскі РАУС. Адзначаецца, што ў медвыцвярэзніку мужчыну агледзеў лекар і не выявіў цялесных пашкоджанняў. На здароўе не скардзіўся і затрыманы. МУС спасылаецца на відэазапісы, на якіх "малады чалавек... рухаўся актыўна". Раніцай яго адпусцілі. У той жа дзень ён аплаціў паслугі.

МУС падкрэслівае, што мужчына і яго сваякі не звярталіся са скаргамі ў органы ўнутраных спраў. У далейшым з Лук'янавым размаўлялі супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС па Гродзенскай вобласці і ён "патлумачыў, што супрацоўнікамі міліцыі да яго гвалту не ўжывалася". Што да траўмаў, то ён іх нібыта атрымаў "па ўласнай неасцярожнасці праз 11 дзён пасля аўтафестывалю з прычыны знаходжання ў стане алкагольнага ап'янення".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі