Аркадзь Мошас — кіраўнік расійскіх праграм Фінскага інстытута міжнародных адносінаў. Доктар гістарычных навук. Гутаркай з ім мы прадстаўляем аўтарскую праграму Змітра Лукашука "Курсор", арганізаваную сумесна Euroradio, Naviny.by, ePramova.org і Aru.tv.
Пра прычыны “замарожвання” еўрапейскіх санкцый
Прычына не ў разавых акцыях накшталт вызвалення палітвязняў ці спакою пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. У выніку амаль двухгадовага працэсу роздумаў і дыпламатыі Еўрасаюз прыняў рашэнне аб перазагрузцы адносінаў з Беларуссю. Замарожаныя санкцыі на 4 месяцы, але няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. У выпадку, калі ў Беларусі не адбудзецца нейкіх катастрафічных падзей, прычын для чарговага пахаладання адносінаў не будзе.
Навошта Еўрасаюзу перазагрузка адносінаў з Беларуссю
Галоўныя прычыны тры: эканамічны інтарэс, праз які эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі ад пачатку былі фармальнымі, разуменне таго, што палітыка, сфакусаваная на абароне правоў чалавека і грамадзянскіх свабод, вынікаў не прынесла — беларускае кіраўніцтва “не прагнулася”. Што прывяло да думкі аб неабходнасці адмены санкцый і наладжвання сувязяў не толькі з апазіцыяй, але і з прадстаўнікамі ўлады. Трэцяя прычына — крызіс Еўрапейскай палітыкі суседства. Ні адна з шасці краін-партнёраў не можа пахваліцца вялікімі поспехамі ў рэалізацыі ініцыятывы “Усходняе партнёрства”. У працэсе перазапуску Еўрапейскай палітыкі суседства Еўрасаюз лічыць магчымым перазагрузку двухбаковых адносінаў з Беларуссю.
Ці сапраўды еўрапейскія палітыкі забыліся пра дэмакратычныя каштоўнасці
Беларускае пытанне на фоне крызісу з Расіяй і праблем у Міжземнамор’і стаіць на перыферыі цікавасці еўрапейцаў. Тым жа, хто нечакана зацікавіцца, чаму Еўрасаюз, які ад пачатку патрабаваў не толькі вызвалення палітзняволеных, але і іх рэабілітацыі, сёння чамусьці пра гэта забыўся, еўрапейскія палітыкі скажуць, што само вызваленне — вялікая і грунтоўная мэта, якая дасягнутая. І сёння можна дасягнуць нейкага прагрэсу ў адносінах з Беларуссю з дапамогай “палітыкі маленькіх крокаў”.
Пра ўмовы вяртання санкцый
Калі ў Беларусі ізноў з’явяцца палітвязні — санкцыі будуць уведзеныя наноў. Тым не менш не сакрэт, што часцяком рашэнні ў Еўрасаюзе прымаюцца не на падставе законаў, а зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасці. Таму не выключана, што нават калі новыя палітвязні з’явяцца, еўрапейцы знойдуць прычыны, каб гэтага не заўважаць. Як не будуць заўважаць як мінімум найбліжэйшыя 4 месяцы і патрабаванняў аб рэабілітацыі ўжо вызваленых палітвязняў.
Ці далёка гатовы пайсці Еўрасаюз па шляху паляпшэння ўзаемаадносінаў з Мінскам
Парадаксальна, але не вельмі далёка. Бо інакш неабходна будзе запускаць нейкія праграмы дастаткова сур’ёзнай эканамічнай дапамогі Беларусі. А на гэта ў ЕС сёння няма ні сродкаў, ні вялікага жадання. Асабліва з улікам таго, што на нейкія сур’ёзныя рэформы ў эканоміцы Мінск не збіраецца ісці. У кірунку палітычнага, дыпламатычнага і ваенна-палітычнага ўзаемадзеяння шмат будзе залежаць ад перамоў паміж Мінскам і Масквой адносна расійскай авіябазы ў Беларусі. Верагоднае прасоўванне наперад у перамовах па візавай лібералізацыі, але справа наўрад ці ў найбліжэйшым часе дойдзе да пачатку перамоў пра Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве.
Пра будучыя парламенцкія выбары
Калі выбарчая кампанія 2016 года пройдзе на тым жа ўзроўні, што і прэзідэнцкая кампанія 2015 года, выбары могуць быць прызнаныя. Тым больш што невялікая колькасць прадстаўнікоў умеранай апазіцыі, з атачэння той жа Караткевіч, можа атрымаць некалькі месцаў у парламенце. Што дасць падставы еўрапейскім бюракратам напісаць у сваіх справаздачах, што зафіксаваны новы прагрэс у выбарчым працэсе Беларусі.
Ці далёка Масква адпусціць Мінск па шляху паляпшэння адносінаў з Захадам
За апошнія два гады поле для манеўра на знешнепалітычнай арэне ў Мінска значна зменшылася. Хоць Лукашэнка цягам апошняга года і рабіў гучныя заявы па ўкраінскім пытанні, але ў ключавыя моманты афіцыйны Мінск вёў сябе вельмі асцярожна. Так, падчас галасавання ў ААН па пытанні Крыма ў сакавіку 2014 года і на саміце "Усходняга партнёрства" ў Рызе па гэтым жа пытанні Мінск не пайшоў на прыняцце фармулёвак, якія можна было б разумець як асуджэнне ім расійскай анексіі Крыма. Юрыдычна Мінск не выказваецца на карысць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
Як замарожванне санкцый адносна Беларусі паўплывае на санкцыі ў дачыненні Расіі
Любы адрасат санкцый, гледзячы на тое, як Беларусі ўдалося, практычна нічога не саступіўшы, вытрымаць санкцыі і дачакацца моманту адмовы ад іх, будзе лічыць, што такія паводзіны і з’яўляюцца выйгрышнай мадэллю. Прамых сувязяў паміж санкцыямі ў дачыненні Мінска і санкцыямі ў дачыненні Масквы няма, але кантэкстуальны ўплыў будзе.
Пра карысць прыпынення санкцый для шараговых беларусаў
Візавая лібералізацыя, у выніку якой людзі будуць плаціць за візу не 60, а 35 еўра, — ужо прыемная драбяза. Калі справа дойдзе да запуску праграмы кшталту “Партнёрства дзеля мадэрнізацыі Беларусі”, то частка беларусаў будзе мець з гэтага нейкія дывідэнды. Але працэс нармалізацыі знаходзіцца ў самым пачатку, і сёння гарантаваць, што на гэтым шляху нас чакае поспех, ніхто не можа.
Што чакае Беларусь у імаверным канцы шляху паляпшэння адносінаў з Захадам
Раней еўрапейцы казалі, што гатовыя пайсці на паляпшэнне з краінамі-партнёрамі так далёка, наколькі далёка гатовыя пайсці самі партнёры. Цяпер пра гэта гаворак амаль не чуваць. І цяпер, як толькі краіны-партнёры пачынаюць казаць пра партнёрства ў ЕС, высвятляецца, што так далёка еўрапейцы пайсці не гатовыя. Але сур’ёзнага эканамічнага ўзаемадзеяння, пры ўмове правядзення Беларуссю рэформ, выключаць нельга. У такім выпадку, хоць і не хутка, мы можам убачыць Беларусь інтэграваную не ў Еўрапейскі саюзе, але з Еўрапейскім саюзам.
Пра прыняцце Лукашэнкі ў “сям’ю” еўрапейскіх лідараў
Хоць прыпыненнем санкцый ЕС і зрабіў крок насустрач Мінску, хоць ЕС і задаволены пазіцыяй Мінска па ўкраінскім пытанні, але цалкам сваім у сям’і еўрапейскіх лідараў спадар Лукашэнка ў найбліжэйшы час не стане. А можа, не стане ніколі. Але, магчыма, яму гэта і не трэба.
Пра перспектывы беларускай апазіцыі
У выніку наладжвання адносінаў з афіцыйным Мінскам апазіцыя і грамадзянская супольнасць калі і не страціць магчымасць звяртацца да Еўропы са сваімі скаргамі і заклікамі, то гэтая магчымасць значна зменшыцца. Гэта не азначае, што ЕС будзе гаварыць толькі з беларускімі ўладамі. Але зараз Еўропа будзе слухаць не толькі апазіцыю, але і ўладу. Гэта азначае, што апазіцыі трэба рабіць тое ж, што яна рабіла, але старацца выглядаць больш пераканаўча, чым раней.
Фота: Змітра Лукашука
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут