Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу — 75!

03/01/2021 - 07:30
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч / Catholic.by

Кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы Тадэвуш Кандрусевіч 3-га студзеня адзначае сваё 75-годдзе. У гэты дзень арцыбіскуп правядзе два набажэнствы ў Архікатэдральным саборы — у 11:30 і 13:00 і запрашае вернікаў далучыцца да цэлебрацыяў, на якіх будзе дзякаваць "Богу за пражыты час і тыя шматлікія ласкі, якімі Ён адорвае". 

Сайт cothotic.by піша, што святкаванне юбілею Кандрусевіча пераносіцца на пазнейшы час і публікуе зварот мітрапаліта да вернікаў:

"Ад усяго сэрца дзякую за малітвы ў інтэнцыі майго вяртання на Радзіму, што сталася фактам у вігілію Нараджэння Хрыста. Час няўмольна ідзе наперад, і 3 студзеня 2021 года, калі Бог дазволіць, буду адзначаць юбілей 75-годдзя. Знаходзячыся за мяжой чатыры месяцы і не будучы ўпэўнены ў тым, калі вярнуся, загадзя не планаваў адмысловых урачыстасцяў. Свае карэктывы ў арганізацыю і правядзенне рэлігійных мерапрыемстваў уносіць таксама і пандэмія каранавірусу", — тлумачыць Кандрусевіч.

Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь акурат на Каляды — пасля чатырохмесячнага перапынку. 31-га жніўня пасля вяртання з рабочай паездкі ў Польшчу яго не пусцілі на радзіму памежнікі. Арцыбіскуп неаднаразова выступаў супраць гвалту з боку ўладаў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і заклікаў абодва бакі да мірнага ўрэгулявання грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі. 

На пачатку лістапада Лукашэнка назваў прычыну выгнання Кандрусевіча: маўляў, кіраўнік беларускіх католікаў ездзіць у Польшчу "атрымліваць кансультацыі, як разбураць нашу краіну". Аднак 23-га снежня стала вядома, што па даручэнні Лукашэнкі, які атрымаў ліст ад Папы Рымскага, улады знайшлі "рашэнне сітуацыі" і дазволілі арцыбіскупу вярнуцца дадому. 

Дарэчы, у снежні таксама стала вядома, што пасля юбілею мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч збіраецца пайсці ў адстаўку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі