Міру і пераменаў: як украінцы галасавалі ў Мінску на выбарах прэзідэнта

31/03/2019 - 20:00
Галасаванне на выбарах прэзідэнта Украіны / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

31 сакавіка ва Украіне выбіраюць прэзідэнта. Адзін з участкаў, дзе галасуюць грамадзяне Украіны, якія жывуць у Беларусі, размясціўся ва ўкраінскім пасольстве ў Мінску. Еўрарадыё завітала туды.

У спісах выбарчага ўчастка №90007, які працуе ў пасольстве, 7191 чалавек. Па словах старшыні выбарчай камісіі Аксаны Урублеўскай, яўка на цяперашніх выбарах — лепш, чым на папярэдніх.

"Выбары праходзяць у дзіўным настроі, — кажа Аксана Сяргееўна. — У нас вельмі шмат людзей. Маленькім дзецям мы дорым кніжкі, для дарослых ёсць цукеркі. Усе ўсміхаюцца, ідуць, галасуць, дзякуюць. Хтосьці здалёку прыязджае! На 12:00 прагаласаваў 241 чалавек, і гэта для нашага ўчастка ўжо шмат. На мінулых выбарах прэзідэнта Украіны агульная колькасць выбаршчыкаў не даходзіла да 500. Мы чакаем павелічэння гэтай лічбы ўдвая".

Мы распыталі выбаршчыкаў, за каго і чаму яны галасуюць і чаго чакаюць ад выбараў.

 

Ігар Лапіцкі, у Беларусі жыве 20 гадоў. Галасаваў за Ігара Смяшко

"Пераменаў. Я чакаю пераменаў. Каб прыйшлі разумныя людзі, сумленныя, якія зробяць краіну па-сапраўднаму еўрапейскай, а не на словах, падымуць ўзровень жыцця людзей. Мне не падабаецца, што на палітыку ўплывае алігархат, заможныя людзі. Я хачу, каб прыйшлі прыстойныя людзі, якія ад алігархаў не залежаць".

 

Яраслава Радрыгес, галасавала за Уладзіміра Зяленскага

"Хочацца, каб быў мір. Хочацца, каб стаўленне да людзей змянілася, стала лепей. Таму што ў нас маленькі адсотак людзей жыве добра, а ўсе астатнія — як могуць. У мяне родныя жывуць у вёсцы, там пастаянна перабоі са святлом, заробкі маленькія, працы няма. Жывуць з зямлі. Але ўсе мы людзі, усім нам хочацца жыць добра. Мае родныя былі на вайне, паміралі там. Не хочацца, каб усё засталося, як ёсць. Але нельга памяняць сітуацыю, галасуючы за адных і тых жа людзей. Я лічу, што нават адзін голас мае значэнне — таму прыйшла і прагаласавала".

 

Леў Літвіненка, не сказаў, за каго прагаласаваў

"Я проста дома засумаваў, і вось вырашыў паглядзець, як тут, што тут. Ад выбараў чакаю пераменаў. Спадзяюся, атрымаецца спыніць тыя жудасныя падзеі, якія цяпер ва Украіне адбываюцца. Спадзяюся, што прыйдзе чалавек, у якога хопіць волі зрабіць так, каб наступіў мір. Нам, простым людзям, лёгка заўсёды разважаць, што адзін палітык робіць дрэнна тое, а іншы — гэта. Але апыніся мы на іх месцы — мы б зразумелі, чаму прымаюцца тыя ці іншыя рашэнні".

 

Юлія Іванова, прагаласавала за Уладзіміра Зяленскага

"Я пабралася шлюбам з беларусам і жыву тут, але я люблю сваю родную краіну. Хачу, каб ва Украіне стала менш карупцыі. Карупцыі вельмі шмат, людзі зусім бяспраўныя. Можа, выбары нешта зменяць. А калі не хадзіць, дык усё вырашаць за цябе".

 

Аляксандр Бацян, прагаласаваў за Аляксандра Вілкула

"Сітуацыя сёння такая, што пан ці прапаў. Значыць, трэба праявіць грамадзянскую пазіцыю. Хтосьці кажа, што нічога не атрымаецца, але я лічу, што гэта не так. У сучаснай Украіне хацеў бы змяніць усё — так, каб мне захацелася вярнуцца назад. Каб скончылася гэтая неабвешчаная вайна. Каб эканамічны рост у краіне пайшоў. Каб людзі адчулі паляпшэнне ў жыцці".

 

Валянціна Зайчанка, галасавала за Юрыя Бойку

"Я з Данецкай вобласці. Жыву тут у сына — ужо трэці год, вось як пачалася вайна. Ад выбараў чакаю нармальнага прэзідэнта — не Парашэнку. Ён пяць гадоў ваюе, нажываецца на гэтым, а пакутуем мы і нашыя дзеці. Вайну трэба спыніць, і наладзіць з Расіяй нармальныя адносіны".

 

Не назваў сябе, прагаласаваў за Пятра Парашэнку

"Я прыйшоў, бо мне неабыякавая будучыня Украіны. Мне курс Украіны падабаецца, я не хацеў бы нічога мяняць. Усё як ёсць — так і павінна працягвацца".

Не назваў сябе, за каго прагаласаваў — "сакрэт, але не за дзеючага прэзідэнта"

"Можа, ад майго голасу нічога і не залежыць, але я грамадзянін Украіны, і гэта мой абавязак — прыйсці і прагаласаваць. Калі б не прыйшоў — потым шкадаваў бы. Чакаю зменаў у лепшы бок. Хай усё ўжо вызначыцца".

Валянціна Шопстат, не расказала, за каго прагаласавала

"Не скажу вам, што ўпэўненая, што выбары палепшаць становішча  ва Украіне. Але прэзідэнт у Украіны павінен быць, і калі сёння дзень, калі яго выбіраюць — яго трэба выбіраць. Хацелася б міру, дабрабыту для майго народа. Чаго яшчэ можна жадаць? Гэтыя два словы ўсё ўключаюць".

 

Ганна, не сказала, за каго прагаласавала

"У сувязі з падзеямі 2014 года мы пакінулі Украіну і жывем у Беларусі. Хочам, каб былі стабільнасць і мір у нашай Украіне. Каб яна развівалася тым курсам, якім яна развіваецца, каб не спынялася на гэтым".

Па выніках экзіт-полаў на 23:00, першы тур выйграе акцёр Уладзімір Зяленскі — у яго 30,6% галасоў. На другім месцы дзеючы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка з 17,8%. За кіраўніка руху "Бацькаўшчына" Юлію Цімашэнка прагаласавалі 14,2% выбаршчыкаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі