Валерый Кавалеўскі і Вольга Гарбунова ў ААН / facebook.com/kavaleuski
Трэба думаць не пра канфрантацыю, а пра тое, як сумеснымі намаганнямі адцягнуць Беларусь ад вайны. Пра гэта заснавальнік і выканаўчы дырэктар Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі заявіў на мерапрыемстве ў ААН "Беларусь: саўдзельніца вайны Расіі супраць Украіны і пагроза міжнароднай бяспекі". Пасяджэнне на палях сесіі Генасамблеі ААН было арганізавана Латвіяй і ЕС пры садзейнічанні офіса Ціханоўскай.
Кавалеўскі раскрытыкаваў палітыку ізаляцыі Беларусі, якую праводзіць Еўрасаюз. Ён падкрэсліў, што сітуацыя ў Беларусі пагоршылася ў параўнанні з 2020 годам і працягвае пагаршацца.
"Адмова ад узаемадзеяння, ізаляцыя працуюць супраць нашага ўласнага дома. А Беларусь — гэта мой дом. Я не хачу яго разбурыць толькі дзеля таго, каб даказаць, што я меў рацыю шэсць гадоў таму. Так, мы мелі рацыю. Аднак на працягу шасці гадоў усе бакі інвеставалі ў асноўным у гэтае супрацьстаянне – Мінск, Брусель, дэмсілы. Зусім мала ўкладвалася ў вырашэнне канфліктных пытанняў", — пераказвае свае тэзісы Кавалеўскі.
Ён звяртае ўвагу, што прысутнасць Еўропы ў Беларусі зменшылася і яе месца займаюць Расія, Кітай, Іран — краіны, "якім няма справы да правоў чалавека і дэмакратыі ці нават да суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. Яны выкарыстоўваюць Беларусь і ператвараюць яе ў зброю супраць нашых найбліжэйшых суседзяў".
Сённяшняя Беларусь, адзначае Кавалеўскі, не з'яўляецца надзейным варыянтам для будучай Еўропы. Яна нясе пагрозу і Украіне, і іншым суседзям. Пад пагрозай знаходзіцца і суверэнітэт Беларусі.
"Таму сёння трэба думаць пра тое, як не праз канфрантацыю, а сумеснымі намаганнямі адцягнуць Беларусь ад вайны. Ёсць станоўчыя прыклады такіх практычных дзеянняў. Гуманітарная дыпламатыя, якая вызваліла больш за 500 чалавек, або гуманітарныя абмены паміж Украінай і Расіяй на тэрыторыі Беларусі. Падобныя дзеянні ствараюць прастору для новых магчымасцяў. Гэта таксама істотны ўнёсак у інтарэсы Украіны, для якой вяртанне сваіх людзей — прыярытэт", — заяўляе ён.
Таксама ён заклікае палітыкаў быць асцярожнымі ў рыторыцы, каб пазбегнуць эскалацыі канфлікту і пашырэння геаграфіі вайны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут