Мінскія ўлады збіраюцца адкрыць новы мост на Нямізе 10 лютага. Пра гэта паведаміў намеснік гендырэктара "Гаррамаўтадара Мінгарвыканкама" Уладзімір Латушкін.
"10 лютага плануецца запуск руху па новым мосце, — цытуе словы Латцушкіна minsknews.by. — Праблем на аб'екце няма, працы вядуцца кругласутачна, пры неабходнасці прыцягваюцца разнастайныя спецыялісты і тэхніка".
Аб'ект на Нямізе лічыцца "першачарговым", таму ўся неабходная тэхніка даецца аператыўна.
Пешаходная частка моста абрынулася ў ноч з 7-га на 8 студзеня, здарэнне трапіла на відэа. На шчасце, ніхто тады не пацярпеў. Мост пабудавалі ў 1962 годзе. Мяркуецца, што прычынай здарэння стала "стомленасць" яго канструкцыі, а таксама ўплыў на яе вібрацыі ад працы метро і частыя перапады тэмпературы паветра. Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы, артыкулы — "службовая халатнасць" і "парушэнне праектаў...".
Аварыйны мост разабралі за некалькі дзён. Адразу ж пачалося ўзвядзенне новага. Спяшацца даводзіцца з-за нязручнасцяў для руху транспарту, якія ўзніклі ў цэнтры Мінска.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут