Мінская міліцыя канфіскавала квіткі на матчы Лігі чэмпіёнаў на 50 млн рублёў

28/09/2015 - 12:24

За мінулы тыдзень аператыўнікі аддзелаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі разам з падаткавікамі выявілі некалькі перакупшчыкаў, якія прадавалі квіткі на хатнія матчы БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі.

Так, у Ленінскім раёне Мінска 43-гадовы непрацуючы мінчук спрабаваў прадаць дзевяць квіткоў. Іх агульны кошт складаў каля шасці мільёнаў рублёў. Каля аўтазаправачнай станцыі па праспекце Жукава затрымалі 31-гадовага непрацуючага мінчука, які прадаваў шэсць квіткоў на суму больш за чатыры мільёны рублёў.

Яшчэ аднаго 30-гадовага непрацуючага перакупшчыка злавілі на вуліцы Якуба Коласа. У яго былі два квіткі на суму больш за пяць мільёнаў рублёў.

На вуліцы Жылуновіча ў Заводскім раёне сталіцы праваахоўнікі затрымалі 21-гадовага юнака. Ён прадаваў квіткі на 15 мільёнаў рублёў. А ў Партызанскім раёне 24-гадовы хлопец спрабаваў прадаць восем квіткоў на суму больш за тры мільёны рублёў.

Нагадаем, што раней праваахоўнікі выявілі прапанаваную на продаж буйную партыю квіткоў — 27 штук. Іх хацеў збыць 23-гадовы кіроўца аднаго з прыватных прадпрыемстваў. Ад продажу ён меў намер атрымаць больш за 16 мільёнаў рублёў.

На ўсіх правапарушальнікаў склалі пратаколы за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Канфіскаваныя квіткі міліцыянты вярнулі ў касы.

Фота: dinamo-minsk.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі