У крамах ProStore неўзабаве зноў з'явяцца тавары. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі 14 чэрвеня выказаў міністр гандлю Уладзімір Калтовіч.
"Думаю, што ў бліжэйшы час пастаўшчыкі адновяць сваю прысутнасць на паліцах дадзенага прадпрыемства", — цытуе БЕЛТА словы чыноўніка.
Раней неаднаразова паведамлялася, што апошнія месяцы крамы ProStore знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі. Паліцы, запоўненыя аднастайным таварам, станавіліся прадметам жартаў у сацсетках. Прычынай называлася запазычанасць гандлёвай сеткі перад пастаўшчыкамі.
дарэчы, на прэс-канферэнцыі 14 чэрвеня ў Калтовіча спыталіся пра запазычанасць гандлёвых сетак перад пастаўшчыкамі. На гэта міністр адказаў, што яго ведамства кантралюе сітуацыю. Аднак міністэрства не афішуе наяўную ў яго інфармацыю, каб не нанесці прадпрыемствам шкоду пры працы з банкамі.