Мінадукацыі сказала, чаму закрыўся Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва

06/03/2026 - 12:50

Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва / Яндэкс Карты

У Міністэрстве адукацыі пацвердзілі, што прыватны Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва (ІПП) спыняе сваю дзейнасць. У ведамстве кажуць, што рашэнне пра закрыццё ВНУ заснавальнік прыняў яшчэ два гады таму.

"На працягу гэтага часу ў інстытуце быў рэалізаваны план паэтапнага завяршэння дзейнасці. Новых абітурыентаў не прымалі з 2024 года, пры гэтым забяспечвалася завяршэнне навучання і выпуск студэнтаў, ужо залічаных у ВНУ", — заявілі ў міністэрстве.

Паводле інфармацыі ведамства, 59 студэнтаў завочнай формы навучання з ІПП пераведзеныя ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Пра закрыццё ІПП стала вядома 5 сакавіка. Улетку 2024 года гэтая ВНУ спыніла набор першакурснікаў, але працягнула сваю дзейнасць. Тады ж інстытут прайшоў дзяржаўную сертыфікацыю, якая дзейнічала да сакавіка 2026 года.

Цяпер у Беларусі засталіся чатыры прыватныя ВНУ: міжнародны ўніверсітэт "МІПСА", Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, Інстытут сучасных ведаў імя А.М. Шырокава і Міжнародны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі