Аляксандр Лукашэнка з прэзідэнтам Зімбабве Эмерсанам Мнангагвам, Зімбабве, зіма 2023 года / president.gov.by
Беларускі ўрад плануе нарасціць тавараабарот з краінамі Афрыкі да 1 мільярда долараў у найбліжэйшыя чатыры гады — да 2030-га. Пра гэта сведчыць ліст Міністэрства замежных спраў, накіраваны беларускім прадстаўніцтвам у Афрыцы. Копію дакумента нашай рэдакцыі перадала ініцыятыва BelPol.
Еўрарадыё прааналізавала змест ліста і пагутарыла з эканамічным аналітыкам Андрэем Махоўскім пра тое, наколькі рэалістычнымі выглядаюць планы ўладаў на “афрыканскі паварот” беларускай эканомікі.
На думку эксперта, дасягнуць мільярда долараў у гандлі з Афрыкай тэарэтычна магчыма. Але гаворка ідзе, хутчэй, пра разавыя кантракты, а не пра стабільнае эканамічнае партнёрства.
“Беларускі гандаль з Афрыкай — гэта ў асноўным разавыя здзелкі. У нейкі год сапраўды можна прадаць тавараў нават на мільярд долараў, але гэта не сістэмны працэс”, — адзначае Махоўскі.
Паводле яго слоў, рэкордныя паказчыкі, якія ўжо здараліся (напрыклад, больш за 500 млн долараў за год), былі вынікам адной-дзвюх буйных здзелак, якія рыхтаваліся гадамі.
“Гэта не значыць, што такі ўзровень тавараабароту можна падтрымліваць пастаянна”, — падкрэслівае эксперт.
Калі разглядаць афрыканскі напрамак у агульным кантэксце беларускага знешняга гандлю, яго значэнне застаецца вельмі абмежаваным.
“За мінулы год увесь беларускі гандаль склаў каля 50 мільярдаў долараў. Адзін мільярд з Афрыкай — гэта ўсяго 2%. Зараз гэта нават менш за 1%”, — тлумачыць Махоўскі.
Для параўнання: экспарт Беларусі ў адну толькі Літву складае сотні мільёнаў долараў.
“А тут — увесь кантынент Афрыкі. Гэта непараўнальныя велічыні”, — кажа аналітык.
Сітуацыю ўскладняюць праблемы з лагістыкай, абмежаванае кола партнёраў і адсутнасць канкурэнтаздольных прапаноў.
Беларускія ўлады рэгулярна заяўляюць пра “ўнікальныя тэхналогіі”, якія нібыта могуць зацікавіць Афрыку. Але, як лічыць эксперт, гэтае сцверджанне не вытрымлівае крытыкі.
“Беларускія ўнікальныя тэхналогіі — гэта лега, сабранае з кітайскіх дэталяў. Навошта купляць падробку, калі можна ўзяць арыгінал з Кітая — з лепшымі крэдытамі, абслугоўваннем і ўмовамі?” — кажа Махоўскі.
Беларусь спрабуе прадаваць у Афрыку трактары, тэхніку і іншыя тавары, але часта гэта адбываецца праз краіны з аўтарытарнымі рэжымамі і сумнеўнымі схемамі.
“З Кеніяй, напрыклад, вялікую здзелку спрабавалі падпісаць некалькі гадоў, але там узніклі пытанні з прычыны карупцыйнага складніка. У дэмакратычных краінах такія рэчы не праходзяць”, — адзначае эксперт.
Паводле Махоўскага, значная частка афрыканскіх кантрактаў мае выразны карупцыйны складнік.
“Гэта выглядае так: вы купляеце ў нас трактары — а мы вам за гэта нешта “падкінем”. Такія схемы працуюць, але яны нестабільныя”, — кажа ён.
Што да калійных угнаенняў — аднаго з нешматлікіх рэальна запатрабаваных беларускіх экспартных тавараў — тут сітуацыя пагоршылася праз санкцыі.
“Экспарт калію ў Афрыку ўпаў у разы. Везці далёка, дорага, плюс многія краіны проста не хочуць звязвацца з Беларуссю”, — тлумачыць аналітык.
Нават калі планы ўрада часткова спраўдзяцца, Афрыка не зможа кампенсаваць страты Беларусі ад разрыву з традыцыйнымі рынкамі.
“Афрыка не заменіць Еўрасаюз, не заменіць украінскі рынак і тым больш расійскі”, — падкрэслівае Махоўскі.
Для параўнання, экспарт Беларусі ў адну Ленінградскую вобласць Расіі перавышае мільярд долараў — больш за ўвесь запланаваны гандаль з Афрыкай.
“Мы хочам мець мільярд з усяго кантынента. Гэта вельмі паказальна”, — падсумоўвае эксперт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут