Чыноўнікі расказалі пра новаўвядзенні ва ўступнай кампаніі-2026

02/04/2026 - 14:24

Уступная кампанія / Еўрарадыё

Стала вядома, якія новаўвядзенні для абітурыентаў будуць уведзеныя падчас сёлетняй уступнай кампаніі. Пра іх расказала старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна.

Чыноўніца запэўніла, што зменаў сёлета не вельмі шмат.

"Сярод іх тое, што пры запаўненні бланка адказаў цяпер паказваецца ідэнтыфікацыйны нумар, а раней — нумар пашпарта. На мой погляд, гэта новаўвядзенне вельмі зручнае, таму што бывае, напрыклад, замена пашпарта, калі змяняецца і яго нумар, а ідэнтыфікацыйны даецца на ўсё жыццё", — перадае словы Ільіной дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.

Гэтая мера, паводле яе, дазваляе пазбегнуць блытаніны пры атрыманні вынікаў ЦТ і ЦЭ.

Таксама сёлета афіцыйна ў дакументах замацаваная забарона на вынас інфармацыі пра тэставанне або іспыт на любых носьбітах. Ільіна кажа, што забарона была і раней — пра яе казалі абітурыентам: "Але ўсё адно былі моманты, калі, напрыклад, на руцэ запісвалі. А на сёння дакладна прапісана, што на любых носьбітах выносіць інфармацыю аб ходзе тэставання нельга".

Таксама ў дакументах абазначаныя дакладныя параметры калькулятараў, якімі можна карыстацца пры здачы цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэставання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі