Міліцыя сцвярджае, што падчас разгону пратэстоўцаў не было ахвяр

10/08/2020 - 08:49

Міліцыя сцвярджае, што падчас разгону пратэстоўцаў не было ахвяр. Пра гэта Еўрарадыё заявіла прэс-сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава. Раней праваабаронцы паведамлялі пра тое, што ў сталіцы была ахвяра. Нібыта малады чалавек атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, несумяшчальную з жыццём — на яго наехаў спецаўтамабіль на праспекце Пераможцаў у Мінску. А медыкі хуткай не змаглі ўратаваць пацярпелага.

Дагэтуль невядомая колькасць пацярпелых і затрыманых. Ёсць звесткі, што ў бальніцах апынуліся дзясяткі чалавек.

Увечары 9 жніўня ў Мінску і іншых гарадах краіны (абласных і раённых цэнтрах) прайшлі масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Перад гэтым былі абвешчаны лічбы "нацыянальнага exit poll" пра перамогу Аляксандра Лукашэнкі. У сталіцы пратэсты праходзілі і ў цэнтры (праспекты Пераможцаў, Машэрава, Незалежнасці, вуліцы Няміга, Багдановіча), але і на ўскраінах (людзі ў асноўным збіраліся каля ўчастковых выбарчых камісій). Пратэстоўцы нават будавалі барыкады... Улады вывелі АМАП, унутраныя войскі, спецтэхніку. Пратэстоўцаў разганялі вадамётамі, святлошумавымі гранатамі, пярцовым газам і гумавымі кулямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі