Піца, фота ілюстрацыйнае / pixabay
Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю не спадабалася, што сетка Domino’s Pizza ўсталёўвае мінімальную суму заказу для кліентаў, якія замаўляюць піцу з дастаўкай. Калі пакупнік хоча, каб піцу яму прывезлі дадому, ён павінен аформіць заказ на суму як мінімум 30,99 рубля.
Пасля таго як хтосьці з кліентаў паскардзіўся ў МАРТ на Domino’s Pizza, чыноўнікі высветлілі, што і іншыя ўстановы, якія працуюць з дастаўкай, усталёўваюць падобныя правілы. У МАРТ гэта лічаць парушэннем.
"Абмежаванне па суме пакупкі, усталяванае прадаўцом, супярэчыць нормам заканадаўства аб абароне правоў спажыўца і абмяжоўвае права спажыўца на свабодны выбар тавару: прымушае спажыўца заказваць іншыя тавары, якія ён не планаваў набыць", — кажуць у МАРТ.
Уладальнікаў піцэрыяў "Додо піца", "Піца Лісіца", "Гадзіла" і "Донер Смайл" папрасілі перагледзець свае правілы. МАРТ плануе працягваць шукаць установы, дзе патрабуюць ад кліента аформіць заказ на мінімальную ўстаноўленую суму ў Мінску і рэгіёнах — ад іх таксама запатрабуюць змяніць падыход.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут