МАРГ хоча дэманапалізаваць сферу электраэнергіі

20/06/2018 - 14:02

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) хоча, каб дзейнасць натуральных манаполіяў была больш празрыстай. Яно падрыхтавала праект закона аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у закон аб натуральных манаполіях. Дакумент вынесены на грамадскае абмеркаванне і размешчаны на сайце МАРГ

Законапраект прапануе змены па трох напрамках. Па-першае, гэта змена сфераў натуральных манаполій. Напрыклад, манапольную сферу па перадачы і размеркаванні электраэнергіі плануецца падзяліць на больш дробныя: перадача электраэнергіі, яе размеркаванне і аператыўна-дыспетчарскае кіраванне. Адзначаецца, што такая структура адпавядае міжнароднай практыцы ў рамках Еўразійскага эканамічнай саюза. Да таго ж, гэты падзел неабходны для стварэння агульнага электраэнергетычнага рынку ЕАЭС.

Другі напрамак зменаў — большая празрыстасць дзейнасці суб'ектаў натуральных манаполій. Такія суб'екты будуць абавязаныя забяспечваць вольны і адкрыты доступ да інфармацыі пра вынікі сваёй дзейнасці, кошт паслуг, парадак іх аказання. Гэтую інфармацыю яны будуць абавязаныя публікаваць на сваіх сайтах.

Трэці напрамак — публічнае рэгуляванне натуральных манаполій. Антыманапольны орган плануе атрымаць права праводзіць публічныя слуханні пры вызначэнні або змене тарыфаў на паслугі натуральных манаполій. Пры гэтым грамадскае абмеркаванне можа ладзіцца на афіцыйным сайце МАРГ. 

Таксама ў праекце закона прапануецца, каб МАРГ мог распрацоўваць інструкцыі, якія вызначаюць крытэры і перыядычнасць змены тарыфаў на паслугі натуральных манаполій.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі