Максім Знак: штодзень мы далей ад месца, дзе мусіў пачацца шлях да нармальнасці

04/08/2021 - 14:16

Французскае выданне Le Courrier d'Europe centrale і бельгійскае La Libre Belgique апублікавалі інтэрв'ю, якое Максім Знак даў з-за кратаў. Яно выйшлаакурат у той дзень, калі пачаўся суд над Максімам Знакам і Марыяй Калеснікавай. Пераклад інтэрв'ю зрабіла Радыё "Свабода".

Знак кажа, што прызвычаіўся да ўмоваў за кратамі: "Чалавек прывыкае да ўсяго, а ў беларусаў прывыканне да цяжкасцяў лічыцца нацыянальнай асаблівасцю!"

Пры гэтым ён прызнаецца, што яму цяжка прывыкнуць да нейкіх дробязяў — напрыклад, да немагчымасці атрымаць пэўныя дробязі: кефір, колу, бананы, маліны, тачылку для алоўкаў... 

На думку Знака, да гэтых умоваў і не варта цалкам прывыкаць. "Таму што прывыкнуць да гэтага азначае прыняць навязаную думку: вы заслугоўваеце гэтага, вы злачынцы, і нічога страшнага няма ў тым, што вы не можаце зрабіць большую частку таго, што могуць зрабіць нармальныя людзі. Але мы не згодныя, проста не прывыкаем".

На пытанне, ці шкадуе ён, што далучыўся да каманды Віктара Бабарыкі ў 2020 годзе, юрыст адказвае так: "Год таму я шмат працаваў дзеля дабра і на падставе закону. Таму ў мяне чыстае сумленне наконт вартасці маіх дзеянняў".

Праблемы, якія выявіліся падчас выбарчай кампаніі 2020 года, Знак называе глабальнымі. Ён параўноўвае іх з пажарам у склепе і задаецца пытаннем: што лепш — пайсці ў склеп і выявіць пажар або ніколі не адчыняць дзверы і жыць у спакойным няведанні? 

Журналісты спыталіся ў палітзняволенага, што маглі б зрабіць міжнародныя суб'екты, каб паўплываць на сітуацыю ў Беларусі. На гэта Знак адказаў, што апошнія некалькі месяцаў не мае поўнай інфармацыі пра падзеі ў краіне і свеце, таму не можа каментаваць. 

Ён згадаў, што ўлады абвясцілі 2021 год — годам нацыянальнага адзінства. І дадаў: "Я не ведаю, ці ёсць спосаб пачаць канструктыўны дыялог, а не імітацыйны дыялог, змяшаны з гвалтам. Але я думаю, што кожны дзень мы аддаляемся ад таго месца, дзе павінен быў пачацца наш шлях да нармальнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі